Skip to main content

ІІІ нядзеля Адвэнту. Кс. Андрэй Кеўлюк

Кожны дзень набліжае нас да прыходу нашага Збаўцы, Езуса Хрыста і ўжо другую нядзелю спадарожнічае нам у чаканні святы Ян Хрысціцель. Святы Апостал Якуб, калі пісаў сваё пасланне, мабыць меў у думках постаць Яна, калі пісаў: “За прыклад цярплівасці і вялікадушнасці вазьміце, браты, прарокаў, якія прамаўлялі ад імя Пана” (Як 5,10).

Прарок з берагоў Ярдану прыцягвае людзей да Бога не столькі сваімі прамовамі, колькі сваімі дзеяннямі і сваім жыццём. Хрыстус зазначае, што Ян быў большым за прарока (пар. Мт 11,9). Ян, жывучы на зямлі, прыклаў намаганні навярнуць як мага больш людзей праз прыклад свайго жыцця, і яго служэнне змагло прыгатаваць сэрцы на сустрэчу з Езусам Хрыстом, бо ў гэтым было яго заданне. І сёння ён накіроўвае сваіх вучняў, каб упэўніцца ў прыбліжэнні часу месіі, а таксама, каб упэўніцца ў сваім выкананым абавязку сведчання прыбліжэння Божага Валадарства.

 

Святы Ян Хрысціцель вучыць нас, як мы павінны выконваць свае абавязкі ў дачыненні да Бога і да бліжняга. Кожны з нас павінен адчыніць сваё сэрца на ласку Уцелаўлёнага Бога, і прыслухацца ў глыбіні свайго сэрца да Божага голасу, каб зразумець абавязкі, якія абавязваюць кожнага з нас перад Богам і людзьмі. Вельмі часта мы не хочам слухаць голасу Бога, нам стала зручней быць “глухімі”, бо ўважлівае слуханне вельмі часта бывае для нас “нявыгадным”: патрабуе змены ладу нашага жыцця, нашых звычак, і самае галоўнае -  патрабуе ад кожнага з нас ЖЫВОЙ ВЕРЫ, патрабуе ад нас сведчання аб нашай прыналежнасці да Бога. Напэўна з прычыны духоўнага паралічу можна спаткаць шмат людзей, для якіх вера абмяжоўваецца толькі і выключна да імглістай тэазофіі, спірытызму, забабонаў, якіхсці рытуалаў, а калі прыходзіць час выпрабаванняў, яны не могуць знайсці апоры ў “сваёй веры”. Менавіта тады родзіцца бунт супраць Бога, Касцёла, іншых людзей.

І хацеў бы на гэтым мейсцы нашага разважання ізноў звярнуцца да постаці Яна Хрысціцеля. Калі ён накіраваў сваіх вучняў да Езуса, ён не просіць аб вызваленні яго з вязніцы, аб дапамозе яму, а толькі пытаецца: “Ты той, які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага?” Ян звярнуў праз гэта пытанне і прыклад нашу ўвагу на выконванне сваёй місіі перад Уцелаўлёным Богам. Каб мы пры сустрэчы не адказалі Богу так, як вершнік на кані, які спяшаецца праехаць праз вёску,  адказаў земляробу: “Не пытайся ў мяне куды я спяшу, пытайся аб гэтым у каня, на якім я сяджу”. Мы з вамі дарагія ўвесь час спяшаем… а куды, і самі не ведаем.

Варта, дарагія чытачы нашага парталу і чытачы маіх разважанняў, проста прыйсці ў Божы дом, знайсці выгоднае мейсца (у кожнага яно будзе сваё) і на некалькі хвілінак у цішыні звярнуць свой позірк на табернакулюм… і проста глядзець… усё тое, што трэба сказаць, скажа за нас Езус… нам жа трэба проста слухаць…

Калі ў вас не атрымаецца з першага разу пачуць Божы голас, не хвалюйцеся, нават святыя, праз заступніцтва якіх мы ўзносім свае малітвы прад Божы трон, мелі з гэтым клопат, трэба проста вытрываць у слуханні. І кожнаму з нас Бог дасць ласку чуць Яго голас. А далей ужо ад нас будзе залежыць, ці захочам мы за гэтым голасам ісці і даверыць яму нашае жыццё…