Skip to main content

ІІІ нядзеля Адвэнту. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Сёння перажываем чарговую, трэцюю, нядзелю Адвэнту. Заўважаем, як час хутка ляціць наперад, а нам усё менш застаецца часу, каб зрабіць простымі сцежкі нашага жыцця. Маем свядомасць, што Адвэнт - час радаснага чакання, навяртання і пакаяння. Годна перажыць гэты перыяд нам дапамагае сам Бог, ставячы перад намі прыклад чакання святой Марыі, святога Юзафа, а таксама святога Яна Хрысціцеля. Яны перажылі ўжо свой Адвэнт, а іх прыклад можа дапамагчы і нам.

 

У сённяшнім Евангеллі мы чулі пра Яна Хрысціцеля, які не толькі заклікаў да навяртання і пакаяння, але сваім жыццём даў прыклад гэтага. За абвяшчэнне праўды ён трапіў у вязніцу. І вось там святы Ян, разважаючы над сэнсам свайго служэння, пасылае сваіх вучняу з пытаннем да Езуса – ці сапраўды гэта Ты, Божы Месія? Ян задае гэтае пытанне ад імя ўсіх людзей, якія жылі перад Езусам, і якія будуць жыць пасля Яго. Езус адказавае – паглядзі, што робіцца навокал, “сляпыя зноў бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Добрая Навіна”. Менавіта так, прадказвалі прыход Месіі прарокі.

Езус і сёння робіць тое, што рабіў у Галілеі. У Ім адкрываюцца вочы тых, хто быў сляпы да праўды аб самім сабе, аб сваіх блізкіх і пра Бога. У Ім знаходзяць сілу, каб заставацца на правільным шляху; y Ім ачышчаюцца тыя, хто быў нячысты ад хваробы граху; ў Ім пачынаюць чуць тыя, хто былі глухія да голасу сумлення і Бога; y Ім ўваскрасаюць да новага і прыгожага жыцця тыя, якія былі мёртвыя і нямоглыя ад граху; y Ім самыя бедныя атрымоўваюць у спадчыну Божую любоў.

Няхай ласка Хрыста, пераменіць пустыню нашага сэрца ў квітнеючы аазіс, а Яго моц дапаможа нам быць адважнымі, каб змяняць сваё жыццё паводле Божай волі.