Skip to main content

Кс. Павел Салабуда распавядае пра зборную святароў па міні-футболе

Беларуская зборная святаройЗборная Беларусі па міні-футболе, якая складаецца са святароў, у гэтым годзе ўдзельнічала ў чэмпіянаце Еўропы. Football.by сёлета у сакавіку пагутарыў з капітанам каманды Паўлам Салабудай, які распавёў пра тое, як даўно беларускія святары гуляюць у міні-футбол. Вашай увазе прапануем тэкст гэтай размовы.

 

Кс. Павел, Вы стаялі ля вытокаў утварэння беларускай зборнай святароў па міні-футболе. З чаго ўсё пачыналася?

Яшчэ будучы клерыкамі ў семінарыі мы ўвесь час гулялі ў футбол у вольны час. Не толькі паміж сабой, але і ездзілі ў Польшчу на спаборніцтвы. А тры гады таму ў інтэрнэце я ўбачыў інфармацыю аб тым, што чарговы чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў пройдзе менавіта ў Польшчы. Мы падалі заяўку, атрымалі дазвол на ўдзел. Вось так гэтыя ўсе прыгоды і пачаліся.

З таго часу, напэўна, рэгулярна трэніруецеся?

З верасня мінулага года і да гэтага часу займаемся раз на тыдзень у чацвер. Да гэтага збіраліся радзей. Узровень, самі разумееце, аматарскі. Аднак з кожным годам ён расце. У іншых краінах таксама. Напрыклад, некалькі прадстаўнікоў зборных святароў з Босніі і Харватыі пастаянна гуляюць у нацыянальных чэмпіянатах за каманды ніжэйшых лігаў.

Толькі каманда Гродзенскай дыяцэзіі пастаянна прадстаўляла Беларусь на міжнароднай арэне?

Так. Нам лягчэй збірацца на трэніроўкі. Аднак у канцы мінулага года мы правялі першы чэмпіянат Беларусі па міні-футболе сярод дыяцэзій, у тым ліку і для таго, каб пасачыць за гульнёй іншых святароў. Перад апошнім чэмпіянатам Еўропы мы прапаноўвалі некаторым ксяндзам папоўніць нашу зборную, але па розных прычынах яны адмовіліся. Таму зноў паехалі толькі прадстаўнікі Гродзенскай дыяцэзіі.

Ваша спартыўная дзейнасць атрымала падтрымку ў арцыбіскупа мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які часам і сам выходзіць на пляцоўку пагуляць у міні-футбол ...

Вы маеце рацыю. Дарэчы, зусім нядаўна ў Іўі мы гулялі супраць каманды супрацоўнікаў міліцыі. У нас у складзе быў і Тадэвуш Кандрусевіч. Наогул ён любіць спорт. Катаецца на ровары, плавае ў басейне.

Якія ўражанні засталіся пасля першага для беларускай зборнай чэмпіяната Еўропы ў 2011 годзе?

Мы не чакалі высокага ўзроўню гульні ад сапернікаў. Думалі, што часу на трэніроўкі ў іх таксама няма, бо маецца шмат іншых абавязкаў. Ехалі з думкай, што другое-трэцяе месца можам заняць. Але па прыездзе ўбачылі, што каманды паказваюць добрую, збалансаваную гульню, самі ксяндзы былі дастаткова падрыхтаванымі фізічна. Гэта нас вельмі здзівіла. Да падобнага ўзроўню мы і блізка не дацягвалі. Да прыкладу, тыя ж партугальцы гулялі як прадстаўнікі прафесійнай зборнай. Футбол у іх у крыві. У тым чэмпіянаце прыняло ўдзел адзінаццаць каманд, наша зборная заняла апошняе месца. Тым не менш, паездка была вельмі пазітыўнай, атрымалі першы міжнародны вопыт. Зразумелі, што да такіх спаборніцтваў трэба рыхтавацца сур'ёзна.

Праз год у другі раз было ўжо лягчэй?

Перад паездкай у Венгрыю ўпарта трэніраваліся ў вольны час на працягу некалькіх месяцаў. Там мы занялі дзевятае месца сярод дванаццаці або трынаццаці каманд. Калі шчыра, ужо прызабыў. Зноў добра праявілі сябе лідэры - Польшча, Боснія і Герцагавіна, Харватыя і Партугалія. Затое ў гэтым годзе каманды з другога эшалона падраўняліся па ўзроўні гульні з прадстаўнікамі вышэйпералічаных краін, а мы змаглі паказаць свой лепшы вынік - заняць восьмае месца.

Зборная з якой краіны лідзіруе цяпер ва ўмоўным рэйтынгу?

З Польшчы. У мінулым годзе на чэмпіянаце Еўропы яны занялі другое месца, а ў гэтым - першае. Як я ўжо казаў, добра гуляюць баснійцы, харваты і партугальцы. Праўда, на апошнім чэмпіянаце зборную Партугаліі абышлі славакі. Гэта была сапраўдная сенсацыя.

Ці ёсць каманды ксяндзоў з іншых краін постсавецкай прасторы?

Так, з Украіны. На жаль, яна ўвесь час займае апошняе або перадапошняе месца.

Правілы ў спаборніцтвах такія ж, як і ў прафесійным міні-футболе?

Дакладна такія ж, ніякіх адрозненняў няма. Пляцоўкі таксама маюць стандартныя памеры.

Колькі чалавек уваходзіць у каманду?

Гэта залежыць ад прымаючага боку, ад іх магчымасцяў. У гэтым годзе наша дэлегацыя складалася з дванаццаці чалавек: дзесяць ігракоў і два трэнеры.

Дарэчы, а хто трэніруе беларускую зборную святароў?

Яўген Сакалоўскі - выкладчык фізкультуры Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы, і Аляксандр Гусар, які раней трэніраваў слонімскі "Камунальнік".

Кс. Павел, беларуская зборная моцная камандай?

Ёсць у нас і ярка выяўленыя лідэры. Да прыкладу, наш варатар - айцец Валерый Шэйгерэвіч. Ён восем гадоў прафесійна займаўся гандболам. На чэмпіянаце Еўропы многія адзначылі яго высокі ўзровень. Калі б ён не атрымаў траўму, верагодна, мы б маглі заняць больш высокае месца. І ў абароне, і ў нападзе ёсць ігракі, якія лепш за астатніх могуць сябе праявіць. Але пакуль нам не хапае згулянасці. Яшчэ абавязкова трэба падцягваць фізічную форму. Гэта наша галоўная балячка.

Вы ўжо казалі пра тое, што, арганізоўваючы першы ў Беларусі чэмпіянат сярод святароў, хацелі праглядзець патэнцыйных навабранцаў для зборнай ...

Прагляд ігракоў - гэта адна з апошніх задач. Мы хацелі прадставіць маладым людзям вобраз святара. Можа быць, яны не заўсёды ходзяць у касцёлы, таму пагутарыць мы змаглі на пляцоўцы. У рамках чэмпіянату ладзіліся і конкурсы для гледачоў. Дарэчы, падчас адной з трэніровак прадстаўнікі міні-футбольнага клуба вышэйшай лігі "Лідсельмаш" сказалі, што чэмпіянат сярод святароў сабраў больш гледачоў, чым прыходзіць на матчы з іх удзелам.

Ці не было ў Вас думкі правесці матчы з прадстаўнікамі іншых канфесій? Ці такі спаборніцкі дух не пажаданы?

У спорце без саперніціва не абысціся. Калі мы арганізоўвалі чэмпіянат сярод святароў у Лідзе, да нас падыходзілі грэка-каталікі і хацелі прыняць удзел у турніры. Але ў апошні момант яны не сабраліся. Таксама чулі з вуснаў праваслаўных святароў, што і ў іх маецца жаданне пагуляць з намі ў міні-футбол. Думаю, што паядынкі паміж святарамі розных веравызнанняў не за гарамі.

Чэмпіянат Беларусі сярод святароў будзе праводзіцца рэгулярна?

Так, ён стане традыцыйным. Вырашылі праводзіць яго штогод у канцы лістапада на тэрыторыі розных дыяцэзій. Калі нічога не зменіцца, то наступны турнір пройдзе ў Віцебскай вобласці.

Крыніца: Football.by

Пераклад: Марына Белаблоцкая