Skip to main content

Святы Мікалай завітаў да дзяцей са Смаргоні

6 снежня каталіцкі Касцёл успамінаў святога Мікалая, незвычайна дабрага чалавека, гатовага заўсёды прыйсці на дапамогу бліжнім. Яго часта называюць цудатворцам і лічаць вялікім сябрам дзяцей, апекуном шчаслівых сужэнстваў, вязняў і маракоў. Святы Мікалай на Захадзе стаў правобразам славутага Санта-Клаўса. У многіх каталіцкіх краінах існуе звычай у гэты дзень рабіць дзецям падарункі.

 

Па ўжо склаўшайся традыцыі, святы Мікалай прыходзіць у госці і да дзяцей Смаргонскага араторыя-моладзевага цэнтра. Так адбылося і ў гэтым годзе. З самага ранку маленькія парафіяне, пасля дзіцячай святой Імшы, апынуліся на свяце, якое падрыхтавалі салезіянскія аніматары. Дзяцей сустрэлі анёлы, якія рассказалі ім пра жыццё святога, яго ўчынкі і зрабілі акцэнт на яго бескарысным імкненні дапамагаць бліжнім. Яны таксама паведамілі пра тое, што святы Мікалай дорыць падарункі толькі самым паслухмяным дзеткам і заклікалі хлопчыкаў і дзяўчат успомніць, як жа яны пражылі гэты год. Але, каб атрымаць падарункі і сустрэцца, нарэшце, са святым Мікалаем, дзецям патрэбна было прайсці праз шэраг выпрабаванняў. І вось, доўгачаканая сустрэча – святы Мікалай і дзеці. Колькі было радасці, сюрпрызаў і новых гульняў ад добрага святога і, канешне, салодкі падарунак у канцы свята.

Некаторыя дзеткі былі так уражаныя сустрэчай са святым Мікалаем, што пасля свята падыходзілі да яго і на вушка казалі свае мары і жаданні. Шчырая вера можа зрабіць немагчымае! А можа, пачутае ад дзетак, сапраўды споўніцца?!

Вераніка Ярмак, салезіянскі аніматар