Skip to main content

ІІ нядзеля Адвэнту. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

ІІ нядзеля Адвэнту. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Увесь сэнс Адвэнту раскрываецца ў словах Евангелля, якое мы сёння пачулі - “пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае… падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму”. Заклік Яна Хрысціцеля гучыць як магутная труба. Людзі прыходзяць натоўпамі і каюцца. Аднак Ян сурова дакарае фарысеяў і садукеяў у паказным пакаянні, бо Бог чакае ад нас сапраўднага раскаяння, якое вядзе да перамены жыцця. Пакаянне, пра якое гаворыць, Ян Хрысціцель, павінна быць не проста на словах, але на справе, “бо кожнае дрэва, што не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь”.

Ёсць легенда аб трох вучнях д'ябла, якіх адпраўляюць на зямлю для завяршэння свайго навучання. Яны гутарылі з сатаной, шэфам усіх дэманаў, пра свае планы спакушаць і губіць людзей. Адзін казаў: “Я буду казаць ім, што Бога няма”. “Гэта падмане нямногіх, - сказаў сатана, - таму што яны ведаюць, што Бог ёсць”. Другі казаў: “Я буду казаць людзям, што пекла няма”. “Tакім чынам, нікога не падманеш, - сказаў сатана, - людзі нават зараз ведаюць, што існуе пекла за грахі. Трэці казаў: “Я буду казаць людзям, што спяшацца не трэба”. “Ідзі, - сказаў сатана, - і ты загубіш іх на тысячы”. І сапраўды, свядомасць таго, што мы маем час, дазваляе нам не адразу змяняць штосьці ў сваім жыцці. Яшчэ старажытныя рымляне казалі: "Cras, cras et semper cras et sic dilabitur aetas," - "Заўтра, заўтра і заўсёды заўтра, і так праходзіць жыццё". Як жа часта мы самі сабе гаворым – усё, кропка, заўтра пачну новае жыццё. Заўтра пачну маліцца, заўтра прыйду да споведзі, заўтра буду цярпялівым, заўтра прабачу свайму суседу, заўтра…заўтра…заўтра…і не заўважем, як хутка праходзіць гэтае ”заўтра”, а амаль нічога не змяняецца ў жыцці.

Кожнаму з нас Бог даў гэты дзень, даў гэты момант і толькі ён вырашальны. Сёння – гэта тая хвіліна, якая можа змяніць усё. Падчас Эўхарыстыі, якую будзем перажываць у сваіх касцёлах, давайце папросім Бога Айца, каб даў нам сілы прыбраць з дарогі ўсё тое, што перашкаджае прыняць Яго Сына і адкрыць нашыя сэрцы на Яго збаўчую ласку.