Першага снежня, у першы дзень Адвэнту завершыліся рэкалекцыі, ў якіх прынялі ўдзел каля 80-ці чалавек. Арганізатарам выступіла Душпастырства Цвярозасці Гродзенскай дыяцэзіі. Духоўныя практыкаванні праводзіліся ў Гродзенскім пабрыгідскім касцёле. Св. Імшу на завяршэнне рэкалекцый узначаліў Гродзенскі ардынарый. Дэвізам рэкалекцый былі словы з рэлігійнай песні Я. Каханоўскага "Што хочаш ад нас Госпадзе?".
Алкагалізм з'яўляецца адной з самых вялікіх праблем сучаснага беларускага грамадства. Прычыну гэтай праблемы неабходна шукаць больш глыбей. Вырашыць гэтую праблему можна толькі ставячы акцэнт на духоўнасць чалавека. Менавіта таму, Душпастырства Ццвярозасці, на працягу ўжо 12-ці гадоў, штогод праводзіць духоўныя сустрэчы на якіх збіраюцца людзі з усёй Беларусі і з-за мяжы (Літвы, Расіі).
Кс. Аляксандр Петровіч, кіраўнік душпастыртсва, падчас сёлетніх рэкалекцый звярнуў увагу на асабістыя ўзаемаадносіны чалавека з Богам, чым з'яўляецца вера. Верыць - гэта перш за ўсё пазнаць, пазнаць Таго, Хто з'яўляецца крыніцай бязмежнай любові і дабрыні. Асабісты, унутраны духоўны крызіс, чалавек часам спрабуе "заліць" алкаголем, пазбягаючы вырашэння надзённых праблем. "Залівае", таму што нажаль не ведае Кім ёсць Бог? Што Ён хоча ад мяне? Чым з'яўляецца сапраўдная вера?
Кожны з прысутных хутчэй за ўсё спрабаваў у глыбіні сэрца адказаць сабе на ўсе гэтыя пытанні, прааналізаваць, што было не так ў жыцці і прывяло менавіта да такой праблемы.
Кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, у сваім слове на завяршэнне св. Імшы, падзякаваў усім арганізатарам духоўных сустрэч за дапамогу, якую яны нясуць людзям, якія сутыкнуліся з хваробай алкагалізму, за іх сведчанне веры, за пастаянныя сустрэчы і узаемадапамогу. Іерарх пажадаў, каб "Езус Хрыстус, наш Госпад і Адкупіцель узмоцніў Вашыя сэрцы. Няхай духоўны плён гэтых рэкалекцый будзе памножаны і наблізяць кожнага да Хрыста, які з'яўляецца для нас Дарогай, Праўдай і Жыццём."