Skip to main content

Дождж Божых Ласкаў зышоў на Смаргонь

ІІІ Музычны Фестываль Цэцыліяда 2013 адбыўся ў суботу 23 лістапада ў Араторыі - Моладзевым Цэнтры імя св.Яна Боско ў Смаргоні пад дэвізам “Святасць магчыма. Святымі не нараджаюцца, а імі становяцца”.

 

“Дзе людзі еднасць маюць, дзе крыўды знікаюць, дзе хвала льецца ракой, там спатыкаецца неба з зямлёй, там валадарыць супакой..,” каб так было ў вечнасці, ужо тут на зямлі мы павінны навучыцца праслаўляць Бога.

Музыкай, спевам і танцам кожны як мог славіў Бога і шукаў дарогу да Яго. Сваімі талентамі дзяліліся сем’і, дзеці, моладзь і дарослыя. Як у музыцы без старанняў не становяцца віртуозамі, так і ніхто не нараджаецца святым. Кожны хрысціянін павінен прыкласці намаганні, каб узрастаць у святасці. Менавіта таму, з вялікай радасцю адгукнуліся на запрашэнне ксяндза пробашча місіянеры а.Андрэй Ядкоўскі CSsR і а.Валерый Мазюк CSsR, якія дапамаглі вернікам парафіі Св.Міхала Арханёла плённа перажыць Аднаўленне Святых Місій, якое адбывалася на працягу пяці дзён з 24 па 28 лістапада.

Місіянеры дзяліліся Словам Божым, уласным сведчаннем веры, каб разам з парафіянамі шукаць шлях да сапраўднага шчасця. Для гэтага місіянеры прапанавалі кожнаму ў глыбіні сэрца адказаць на наступныя чатыры пытанні:

1. Ці маеш ты цяпер у сваім жыцці неба?

2. Вакол чаго круціцца тваё жыццё?

3. Ці памятаеш ты Дзесяць Божых прыказанняў?

4. Ці з’яўляешся ты сведкам Хрыста?

Атрымаўшы гэтыя пытанні напачатку, кожны меў магчымасць чарговы раз задумацца над сэнсам свайго жыцця.

Бязмежна разлівалася Божая Ласка ў гэтыя дні: святая Імша, казанні, набажэнствы, споведзь, адарацыя… Усё гэта паспрыяла ўзрастанню і ўзмацненню веры.

У апошні дзень Аднаўлення Місій мы дзякавалі Богу і місіянерам за ўсе атрыманыя ласкі, а таксама святкавалі Дзень Імянінаў ксяндза пробашча Здзіслава Вэдэра sdb і кс.Здзіслава Пікулы sdb пробашча з Варнян, які належыць да салезіянскай супольнасці ў Смаргоні. У малітвах і віншаваннях узносілі падзяку за іх прыклад жывой веры і ахвярнага служэння.

Няхай усе пралітыя ў гэтыя дні Божыя Ласкі знойдуць урадлівую глебу і прынясуць багаты плён.

Вероніка Огар і Юлія Клевец