Skip to main content

І нядзеля Адвэнту. С. Антонія Шэйгерэвіч

І нядзеля Адвэнту. С. Антонія Шэйгерэвіч

Распачынаем сёння ў Касцёле новы літургічны перыяд называны Адвэнд, што азначае "прыйсце". Праз 4 тыдні Адвэнта будзем гатавацца да свята Божага Нараджэння, а таксама Адвэнт – гэта час, які прыпамінае нам аб другім прыходзе Пана і заклікае нас памятаць, што кожны з нас пакліканы да жыцця вечнага. Ніхто з нас не ведае, калі скончыцца нашае зямное жыццё, таму чытаем у Евангеллі, што Хрыстос заклікае нас да паставы чування: “чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе” (Мт 24,42). Далей чытаем, што калі б гаспадар дому ведаў, калі прыйшоў бы злодзей, то не даў бы падкапаць свой дом. Так кожны з нас з’яўляецца гаспадаром сваёй душы і свайго жыцця. Хрыстос папярэджвае нас, кожны злодзей – злы дух, хоча завалодаць намі, таму папярэджвае нас, каб мы заўсёды чувалі і глядзелі, ці ходзім у святле Пана ці ў цемры граху.

Апостал Павел у лісце да Рымлянаў піша, каб мы адкінулі ўчынкі цемры, а апрануліся ў святло. Ведаем, што светам для нас з’яўляецца Пан і яго запаведзі, калі мы жывем паводле іх і навукі Пана -  ходзім у святле. “Цяпер прыйшоў час абудзіцца…цяпер збавенне бліжэй нас, ніж тады, калі мы паверылі” (Рым 13, 11). Разумеем, што Адвэнт – час прыйсця Пана. Ён прыходзіць да нас праз сакраманты, асабліва праз Эўхарыстыю, падчас малітвы, спатканне з другім чалавекам, праз усмешку….ці толькі здолеем мы ўбачыць Хрыста ў нашай штодзённасці. Будзем прасіць праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, каб дапамагала нам знаходзіць Хрыста ў нашай штодзённасці і не праспаць сапраўднага з Ім спаткання.