У пятніцу, 29 літапада, а 14-й гадзіне беларускага часу ў прысутнасці святароў, манахінь, семінарыстаў у капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі, калі ўжо стала вядомая інфармацыя пра новыя біскупскія прызначэнні, кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч абвясціў прысутным волю Святога Пасада, а таксама скіраваў да Яго Эксцэленцыі мансеньёра Юзэфа Станеўскага, свае пажаданні. Прапануем Вашай увазе тэкст прамовы.
Паважаныя Святары, Клерыкі, Законныя сёстры,
Узлюбленыя ў Пану Браты і Сёстры!
З радасцю паведамляю Вам, што Яго Святасць, папа рымскі Францішак прызначыў дапаможнага біскупа для Гродзенскай дыяцэзіі.
Электам з'яўляецца кс. прэлаі Юзэф Станеўскі, рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Ад імя ўсіх прысутных выказваю Шаноўнаму Біскупу-Электу мае віншаванні з нагоды намінацыі, а таксама найлепшыя пажаданні Божага благаслаўлення ў плённай паслузе для Гродзенскай дыяцэзіі.
Прызначэнне дапаможнага біскупа з'яўляецца вельмі важнай і радаснай падзеяй для Каталіцкага Касцёла на Гродзеншчыне. Гэта знак, што наш Касцёл развіваецца і набывае сталасці, што яго чакаюць новыя выклікі і адказныя заданні.
Заклікаю ўсіх Вас да падзякі Пану Богу за гэты вялікі дар, а таксама да малітвы за Біскупа-Электа.
Інфармую, што біскупская кансэкрацыя Электа адбудзецца ў суботу, 1-га лютага 2014 года ў 12 гадзін у Гродзенскім катэдральным касцёле.
Паведамляю таксама, што Святы Айцец прызначыў:
- біскупа Віцебскай дыяцэзіі - кс. Алега Буткевіча, пробашча парафіі св. Антонія Падуанскага ў Віцебску і дзекана дэканату Віцебск-Паўночны. Яго біскупская кансэкрацыя адбудзецца 18-га студзеня ў Віцебску;
- дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі - кс. Юрыя Касабуцкага, канцлера курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і адміністратара парафіі Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы ў Мінску. Яго кансэкрацыя адбудзецца 25-га студзеня ў Мінску.
Шаноўным Біскупам-Электам складаю мае віншаванні і найлепшыя пажаданні.
Шаноўны Кс. Біскуп Элект,
Ад імя ўсіх прысутных складаю з усяго сэрца пажаданні. Глыбока перакананы, што Вашая вернасць Касцёлу, актыўнасць, працавітасць і іншыя знаёмыя нам добрыя рысы запэўняць плённасць Вашага служэння дзеля дабра Хрыстовага Касцёла і вернікаў нашай дыяцэзіі.
Няхай Божае благаслаўленне і заступніцтва Маці Міласэрнасці дапамогуць Вам крочыць па новаму шляху служэння Касцёлу.
Дарагія Браты і Сёстры!
Перажываючы радасць гэтай гістарычнай падзеі, давайце ахінем Кс. Біскупа Электа нашай палымянай малітвай. Няхай яго паслуга спрыяе развіццю нашага лакальнага Касцёла, больш эфектыўнага выканання місіі даверанай яму Хрыстом, а таксама да ўзрастання веры ў сэрцах вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі.