29 лістапада 1961 года ў дзве гадзіны ночы, рукамі бальшавіцкай улады (па рашэнні выканкама Гродзенскага гарсавета “Аб зносе аварыйнага будынка былога вайсковага касцёла на Савецкай плошчы”) быў знішчаны храм імя Найсвяцейшай Панны Марыі (Фара Вітаўта).
Гэта быў адзін з самых вялікіх касцёлаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, які праіснаваў у розных сваіх архітэктурных выявах 600 гадоў. Для мастацка-архітэктурнай спадчыны і гродзенскай ідэнтычнасці гэта сапраўды вялікая страта. На працягу існавання будынку ў ім прайшла вялікая колькасць гістарычных падзей.
Фара Вітаўта каталіцкі храм імя Найсвяцейшай Панны Марыі — быў заснаваны вялікім князем Вітаўтам і знаходзіўся на заходнім баку Старога рынку (цяпер пл. Савецкая). Гэта быў адзін з самых буйных каталіцкіх храмаў Вялікага княства Літоўскага. У беларускім сярэдневеччы фарай (фара праз ням. Pfarre ад лац. Parochia і грэч. paroecia - царкоўная парафія, епархія) называўся галоўны гарадскі парафіяльны касцёл. Разам з ратушай ён з'яўляўся сімвалам горада і сведчыў пра яго росквіт.
Паводле Radzima.org