І нядзеля Адвэнту. Кс. Андрэй Кеўлюк
Паважаныя чытачы нашага парталу, разпачынаем з Вамі новы літургічны год, а разам з ім разпачынаем час Адвэнту (радаснага, пабожнага і адданага чакання прыходу Збаўцы). Так сталася гістарычна, што гэты час, ад Грыгорыя Вялікага (+604 г.) гэта чатыры нядзелі, дзеліцца на дзве часткі:
• першая, якая разпачынаецца 1-мі нешпарамі нядзелі 30 снежня, ці найбліжэйшай да гэтай даты нядзелі і доўжыцца да 16 снежня, мае кожнаму з веруючых нагадаць аб другім прыйсці нашага Пана Езуса Хрыста, калі Ён прыйдзе ва ўсёй сваёй хвале, судзіць жывых і памерлых;
• другая частка Адвэнту ад 17 да 24 снежня, напраўляе нашыя думкі на прыгатаванне нашых сэрцаў да Нараджэння Езуса Хрыста ў стайні (Агульныя нормы Літургічнага года і Каляндара 1969 г.).
“Чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе.” Езус кожнага з нас на пачатку Адвэнту заклікае да чування. А якім яно павінна быць і як павінна выглядаць, паспрабуем узгадаць у часе сённяшняга нашага разважання над Божым Словам.
На працягу лістапада мы з Вамі неаднаразова разважалі над тэмай вечнага жыцця і нашага прыгатавання да яго. Кожны з нас напэўна прыкладаў намаганні, каб Езуса змясціць на першае мейсца ва ўсім сваім жыцці, каб Яго зрабіць Валадаром свайго жыцця.
Многія людзі вельмі часта ў размовах з іншымі падкрэсліваюць недахоп часу: на сон, на працу, на адпачынак, на тое, каб пабыць са сваімі роднымі, на малітву, на споведзь, на святую Імшу… і гэты ланцужок можна працягваць бясконца. І ўсё сваё жыццё мы з Вамі знаходзімся ў пагоні за ЧАСАМ. І сёння Езус заклікае кожнага з нас спыніцца і задаць сабе пытанне: “А што далей?”, - што далей, паважаныя, калі сёння, заўтра, праз месяц, год… нас па імені пакліча Бог да свайго Валадарства. Ці на той момант мы будзем з Вамі прыгатаваны? Ці нашае сумленне не будзе ўзгадваць нам якісьці цяжкі, смяротны грэх, з якім мы з Вамі жывём, а лепей бяжым па жыцці? А дзень разставання з гэтым светам для кожнага з нас настане, і яго не можна падлічыць, запланаваць – мы павінны быць заўсёды прыгатаваны. Жыць кожны дзень так, як бы ён быў для нас апошні… а калі ён апошні, то мы павінны часта прыступаць да Сакраманту Споведзі, да святой Камуніі, прабачаць іншым, а не жыць у нянавісці, быць зычлівымі і добрымі да людзей, якія жывуць, працуюць, вучацца побач з намі. Менавіта да гэтага заклікае рымлянаў і ўсіх хрысціянаў апостал Павел: “Адкіньце ўчынкі цемры і апраніцеся ў зброю святла. Як у дзень, будзем паводзіць сябе прыстойна, не ў гулянках ды пьянстве, не ў распусце ды разбэшчанні, не ў сварках ды зайздрасці; але апраніцеся Панам Езусам Хрыстом і не дагаджайце целу ў пажадлівасці.” (Рым 13,12-14)
Заўважце, паважаныя, што Езус у сённяшнім святым Евангеллі параўноўвае апошні дзень са злодзеем, які не папярэджвае ўласніка маёмасці аб даце і гадзіне свайго прыходу, каб апошні мог прыгатавацца. А мы з Вамі часта жывем і паводзім сябе так, як бы мелі жыць вечна на зямлі, ці як быццам бы Бог меў нас папярэдзіць аб гадзіне канца нашага зямнога пілігрымавання.
Хацеў бы з Вамі падзяліцца фрагментам прызнання Міхаэля Б. Росса, які быў асуджаны на смяротнае пакаранне: “Чакаю на выкананне кары смерці. Не з’яўляецца гэта чаканнем, аб якім чуеш з вуснаў прапаведнікаў. Маё чаканне мае канкрэтны характар. Выкананне пакарання адбудзецца ў турме ў Каннэкцікуце, прыйдзе час, што я буду знаць дакладную дату і гадзіну свайго спаткання з Езусам Хрыстом. Такая гаворка можа здавацца дзіўнай, але для мяне гэта будзе благаслаўленнем.
Я быў вымушаны задумацца над сваім жыццём і сваімі ўчынкамі. Я меў дастаткова часу, каб паскладваць сваё жыцццё, і разпачаць яго з Богам. Меў дастаткова часу, каб маліць аб прабачэнні ўсіх тых, каго пакрыўдзіў і прабачыць ўсім тым, хто прычыніў боль мне. Меў дастаткова часу, каб паяднацца з тымі, каго я параніў сваімі ўчынкамі і каб паяднацца з тымі, хто параніў мяне. Меў час, каб паяднацца з сабой і, самае галоўнае, з Богам. Мой час хутка ўцякае, але я маю яго дастаткова, каб прыгатавацца на спатканне з Хрыстом. І менавіта гэта з,яўляецца благаслаўленнем, якое не многія могуць атрымаць.
Не хачу, каб мяне дрэнна зразумелі, бо я не чакаю выканання пакарання, я не чакаю смерці, але маю свой страх і баюся, калі думаю аб экзэкуцыі. Я малюся кожны дзень аб цудзе, які ўратаваў бы маё жыццё і даў мне шанец разпачаць яго на ноў. Хоць я і атрымаў гэты шанец, бо меў дастаткова часу, каб змяніць сваё жыццё і прыгатавацца на смерць. Не многія з вас будуць ведаць дзень і гадзіну сваёй смерці, але кожны з нас стане перад абліччам уласнай смерці. Для ўсіх застаецца пытанне: Як да яе прыгатавацца?” (Pastoral Life, лістапад 1998)