І нядзеля Адвэнту. Кс. Аляксандр Лебядзевіч
Паважаныя браты і сёстры, сёння мы з вамі ўдзельнічаем у святой Iмшы, падчас якой становімся сведкамі смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. Жывы і нябачны, Ён прысутнічае сярод нас, прамаўляе да нас голасам святога Пісання, дае нам сваё Цела і Кроў. Аднак сёння, не звычайная нядзеля, бо мы пачынаем новы літургічны перыяд - Адвэнт. Гэты асаблівы час нашай духоўнай падрыхтоўкі, нашага чакання і навяртання. Адвэнт мае дзве мэты – падрыхтаваць нас на Дзень Суда, які наступіць напрыканцы свету, а таксама падрыхтаваць нас да ўрачыстасці Божага Нараджэння, якую будзем святкаваць 25 снежня.
Літургічныя тэксты гавораць нам сёння аб неабходнасці чування на Дзень Пана. Ён наступіць вельмі нечакана і неспадзявана, прыйдзе, як злодзей уначы. Злодзей не пасылае лісты з указаннем дня і гадзіны, калі ён збіраецца абрабаваць дом; раптоўнасць - галоўная яго зброя. Таму гаспадар, у якога ёсць каштоўныя рэчы, павінен быць заўсёды напагатове. Але, каб правільна зразумець гэтую карціну, мы павінны памятаць, што хрысціянская пільнасць ў чаканні прыходу Хрыста не павінна быць жахлівым чаканнем, у бояззі і страху; гэтая пільнасць адначасова з'яўляецца гарачым чаканнем будучай славы і радасці.
Гэтыя вершы з'яўляюцца перасцярогай нам - ніколі не жыць у штодзённым настолькі, каб забыцца пра вечнасць; каб не дазваляць мірскім праблемам, якімі б важнымі яны ні былі, забыцца пра Бога; ніколі не забываць пра тое, што, у канчатковым рахунку, жыццё і смерць знаходзяцца ў Божых руках; што мы заўсёды павінны быць гатовыя, калі б Езус нас ні паклікаў - раніцай, апоўдні або ўвечары.
Дарагія, перад намі чарговы Адвэнт, дадзены Богам, і толькі ад нас самых залежыць, як яго пражывем. Няхай чытанне Бібліі, малітва, пост, духоўныя практыкаванні, пастановы будуць нам дапамогай у актыўным чуванні на прыход Пана.