Прапануем Вашай увазе, Паважаныя чытачы, біяграфію, некаторыя выказванні і моманты з жыцця новапрызначанага дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі.
Кс. прэлат Юзэф Станеўскі, нарадзіўся 4 красавіка 1969 года ў Заневічах (каля Гродна). У 1995 годзе скончыў Гродзенскую Вышэйшую Духоўную Сеімнарыю ў тым жа годзе 17 чэрвеня прыняў святарскія пасвячэнні з рук кс. б-па Аляксандра Кашкевіча. З 1995 па 1996 год працаваў вікарыем у парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску.
У 1996 годзе быў скіраваны на далейшае навучанне ў Люблінскі Каталіцкі Універсітэт на факультэт кананічнага права. Ад 1999 года працаваў выкладчыкам і прэфектам ВДС у Гродне. З 2000 г. з’яўляецца суддзёй, а з 2005 г. — віцэ-афіцыялам Міждыяцэзіяльнага касцёльнага трыбунала ў Гродне. Ад 2004 г. выкладае кананічнае права ў Катэхетычным інстытуце ў Гродне. У 2005 годзе быў прызначаны рэктарам Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Гродне. Ад 2007 да 2013 года быў адказным за адукацыйна-пастаральную фармацыю маладых святароў Гродзенскай дыяцэзіі. З 2009 г. з’яўляецца каардынатарам душпастырства пакліканняў. У 2012 г. быў прызначаны капеланам Яго Святасці. Намінант таксама з’яўляецца членам Біскупскай рады і Калегіі кансультантаў Гродзенскай дыяцэзіі.
Пра святарства кс. прэлат выказаўся, што
“...удзеленае чалавеку Хрыстом з’яўляецца чымсці складаным для разумення. Не месціцца яно ў катэгорыі людскіх слоў і паняццяў. Неабходна гэта цаніць і паглыбляць”.
Наконт якім павінен быць святар, намінант на поўню святарства калісці ў інтэрв'ю для grodnensis.by сказаў:
"... святар павінен размаўляць з людзьмі, быць сапраўдным пастырам. Не толькі хрысціць, шлюбаваць і хаваць памерлых. Неабходна, каб святар быў з людзьмі штодзённа..."
З вуснаў кс. прэлата Юзэфа мы таксама крыху ведаем некаторыя моманты пра тое, як фармаваўся яго шлях да святарства: "Да арміі я быў міністрантам, меў думкі пра семінарыю, часта хадзіў да касцёла на св. Імшу, дома заўсёды была штодзённая супольная малітва, у час Вялікага посту спяваліся песні жальбы, адпраўляўся Крыжовы шлях.
І раптам для маладога веруючага чалавека гэта ўсё стала немагчымым. Гэта было цяжкім момантам. Аднак узгадаю тут, прынамсі, два здарэнні, якія мелі месца ў нашай роце, якія ў сваю чаргу паўплывалі на ўзмацненне маёй веры і дадалі адвагі да яе вызнавання.
Маладыя салдаты дзеляцца сваёй маёмасцю са старэйшымі салдатамі, тымі, хто адыходзіў дадому. Гадзіннікамі і адзеннем, партманэ - адным словам, усім, што мела нейкую вартасць. Адпраўляючы ў войска, мая мама ўклала ў маё партманэ медалік Маці Божай і хлеб св. Агаты і зашыла – але гэта было заўважным. Старэйшы салдат, які паходзіў з Узбекістана (потым я назіраў за ім, як ён пакрыёму маліўся на чотках), прапанаваў мне абмяняцца маёмасцю, я ж, вядома, згадзіўся, але калі ён убачыў святыя рэчы, то спытаў: ”Што гэта?”. Я яму патлумачыў так, як на экзамене да канфірмацыі. Закончылася гэта тым, што кожны з нас застаўся са сваёй маёмасцю. І я ведаю, што ён вяртаўся дадому з партманэ, якое атрымаў ад сваіх бацькоў. Апошнія дні яго службы мы сябравалі.
Другі выпадак. Набліжалася Божае нараджэнне 1987 года, але ліст з аплаткай, які выслалі бацькі, не дайшоў. Я перажываў і сумаваў. Першы раз у жыцці Вігілія без аплаткі! Увечары 24 снежня пасля адбоя я пайшоў на малітву (у ленінскі пакой) і там сустрэў іншага салдата з Літвы. Уявіце сабе: ён стаяў на каленях у цёмнай комнаце і маліўся. На мой прыход збянтэжыўся, рукі схаваў за спіной – трымаў аплатку. Колькі было радасці! Разам адгаварылі малітву і паламаліся аплаткай. Мяркую, што тую Вігілію буду памятаць усё жыццё. Тады я задаваў сабе пытанне: чаму, служачы Радзіме, я не маю права быць сабой – веруючым і практыкуючым чалавекам. Каб нам тады дазволілі маліцца і хоць раз на месяц наведваць касцёл у Мінску, то мы ж з яшчэ большай адданасцю служылі Радзіме, а нас, католікаў, было больш за 20 чалавек".