Парафіяльныя супольнасці Суботнікаў і Жэмаслаўля завяршылі Год веры адмысловымі чатырохдзённымі рэкалекцыямі, якія праводзіў кс. Андрэй Рылка, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі.
У канферэнцыях, скіраваных да разнастайных груп вернікаў, айцец-рэкалекцыяніст засяродзіў увагу на патрэбе бескампраміснага даверу да Пана Бога. “Нас збаўляе ні пазнанне грахоў, ні адкрыццё праблем, ні нейкія веды, але толькі жывы і сталы кантакт з Езусам”, - тлумачыў святар. Пры гэтым кс. Андрэй засцярог вернікаў перад спакусай духоўнага самасуцяшэння. Яно пагражае тады, калі хрысціянін спыняецца на этапе адкрывання Бога – Яго дабрыні і міласэрнасці. “Можа здарыцца так, - разважаў святар, - што чалавек будзе актыўна адкрываць Пана, а сам на Яго не адкрыецца”. У сувязі з гэтым рэкалекцыяніст заахвочваў вернікаў да таго, каб яны часта і годна ўдзельнічалі ў святых сакрамэнтах, у якіх адбываецца наймацнейшае дзеянне Пана Бога.
На завяршэнне духоўных практыкаванняў кс. Рылка звярнуўся да сужэнцаў і сем’яў з заклікам, які месяц таму прагучаў з вуснаў Святога Айца Францішка: пацвярджаць сваю ўзаемную любоў частай практыкай ветлівых выразаў, такіх як “прашу”, “прабач” і “дзякуй”. Рэкалекцыяніст пажадаў вернікам нястомна будаваць сваё жыццё на запаведзі любові да Бога і бліжняга – краевугольным камені хрысціянскай веры.
Алена Завадзкая