Skip to main content

Урачыстасць Езуса Хрыста Валадара Сусвету

Урачыстасць Езуса Хрыста Валадара Сусвету

 (Кс. Андрэй Кеўлюк)

“Падыходзілі, падносілі Яму воцат, кажучы: “Калі ты - Кароль юдэйскі, уратуй сябе самога”. І быў над Ім надпіс: “Гэта кароль юдэйскі”. (Лк 23,36-38)

Сёння святы Касцёл аддае пашану Езусу Хрысту, як Валадару Сусвету. Словы, якія я выбраў на пачатак нашага разважання – выбраны невыпадкова. Кожны з нас учытваючыся і разважаючы Божае Слова неаднаразова мог сабе падкрэсліць вялікую нянавісць фарысеяў, кніжнікаў і многіх з народу да Езуса Хрыста. Яны неаднаразова спрабавалі падлавіць Яго ў размове і чынах, каб абвінаваціць і аддаць Яго ў рукі суддзяў. І заўважце, дарагія, што калі Езус павіс на крыжы, яны ізноў жа з Яго здзекуюцца: “уратуй сябе самога”.

Якое ж вялікае засляпенне мелі людзі, якія так гаварылі. Кожны, хто здзекаваўся, не зразумеў галоўнага – Езус прыйшоў на зямлю і жыў сярод людзей, “каб знайсці і збавіць тое, што загінула” (пар. Мц 18,11), прыйшоў, каб даць людзям надзею, каб усвядоміць і ўпэўніць стварэнне аб вялікай любові Бога Створцы, нават цаной жыцця свайго Адзінароднага Сына. Праз крыж Езус выратаваў чалавецтва.

Далей жа на крыжы мы з вамі, дарагія, бачым надпіс: “Гэта кароль юдэйскі”, - надпіс, які меў паказваць віну пакаранага, адлюстраваў для суайчыннікаў і наступных пакаленняў праўду, якой павінна быць любоў валадара да сваіх падуладных. Нават цаной свайго жыцця. Кожны з нас, чытаючы кнігі па гісторыі ці раманы аб подзвігах рыцараў, неаднаразова зачытваўся прыкладамі каралёў, якія вялі свае войскі на поле бітвы і ўвесь час знаходзіліся са сваімі падуладнымі. Можа па гэтай прычыне кожны з іх войска быў гатовы аддаць сваё жыццё за караля і за сваю бацькаўшчыну, бо яго кароль змагаўся побач з ім. Езус Хрыстус Валадар таксама змагаецца побач з кожным з нас, дапамагае нам у змаганні з нашымі грахамі, кепскімі звычкамі, дапамагае нам выстаяць ў часе пераследаў веруючых з боку дзяржаўных улад, а дзве тысячы год таму ўзяў на плечы крыж – знак Любові.

На працягу гісторыі многія не маглі і не могуць зразумець патрэбы смерці Езуса Хрыста на крыжы, па іх меркаванню, Бог праз крыж паказаў сваю слабасць. Але ці на самой справе гэта так? Святы Апостал Павел у першым лісце да карынцянаў піша: “Бо слова крыжа для тых, што ідуць ў пагібель, ёсць вар'яцтва, а тым, што ідуць у збаўленне, - сіла Божая” (1Кар 1,18). У Евангеллі паводле Яна Езус зазначае: “А Я, калі буду падняты над зямлёй, усіх пацягну да Сябе” (Ян 12,32), - і так адбылося. Езус Хрыстус прыцягнуў і прыцягвае да Сябе не каштоўнымі камянямі, багаццем, славай, а крыжом - крыжом цярпення.

Можа ўзнікнуць пытанне: “У чым жа такая моц крыжа? Чаму людзі на працягу дзвюх тысячагоддзяў падаюць на калені перад сродкам жудаснага пакарання? Чаму аддаюць пашану і свае сэрцы для Езуса?” Я мяркую, што ўсё гэта адбываецца як наш адказ, на любоў Бога. Кожны з жывучых на зямлі шукае справядлівасці, праўды, любові, зразумення, дапамогі – і гэты пошук ёсць у кожнага. І кожны знаходзіць пэўныя адказы на сваё жыццё, хоць вельмі часта і памылковыя. І толькі той, хто знайшоў Езуса Хрыста як Валадара свайго жыцця і дазволіў увайсці Яму ў сваё жыццё на ўсе 100% – зможа знайсці адказы як і дзеля чаго жыць.

Сённяшняя Урачыстасць як мага лепш паказвае праўду, якая мае збавіць чалавецтва, яе ўвёў 11 снежня 1925 года Папа рымскі Пій XI, завяршаючы Юбілейны год. Ён загадаў, каб ва ўсіх каталіцкіх касцёлах пасля галоўнай літургіі, пры выстаўленым на алтары Найсвяцейшым Сакраманце, было прачытана Літанне да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і прачытаны акт пасвячэння чалавецтва Найсвяцейшаму Сэрцу (энцыкліка “Quas primas”).

У ходзе літургічнай рэформы II Ватыканскага Сабору гэта ўрачыстасць была перанесена на апошнюю нядзелю літургічнага года як знак таго, што ўсё, чым чалавек валодае, і на што чалавек спадзяецца, як на фізічным, так і на духоўным узроўні, - усё мае свой пачатак і слаўнае завяршэнне ў Езусе Хрысце.

Езус Хрыстус - Валадар Сусвету, адзіны Валадар, які змог дазволіць сабе прыняць цярновую карону ганьбы, таму што толькі Яго немагчыма пазбавіць славы, якую даў Яму спрадвеку Айцец, яшчэ да стварэння сусвету. Прадвечны Валадар не абараняецца і сам не выкарыстоўвае сілу, хоць напэўна на Яго прызыў выйшла бы вялікае войска, каб абараніць ад смерці. Чалавек, які адракаецца ад Езуса Хрыста, асуджае сябе на існаванне ў свеце, пазбаўленым любові і сэнсу.

Узносячы хвалу Хрыста - Валадара, мы спускаемся з вамі, дарагія, на глыбіню, але не ў змрочную прорву пекла, а ў невычэрпны акіян любові і міласэрнасці. Усё жыве дыханнем Любові, нават калі абцяжарана грахом. Усё пачалося з Любові і ўсё да яе імкнецца, гэта нам паказвае апошняя ўрачыстасць літургічнага года. Наш лёс не холад і смерць зімы, але цяпло любові Божай і паўната жыцця ў Езусе Хрысце – Валадару Сусвету.