22 лістапада, ва ўспамін св. Цэцыліі, ў Вялікіх Эйсмантах адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне касцёльнага аргана пасля яго рэстаўрацыі.
“Як хрысціяне, мы павінны памятаць, што ўсё, што мы робім, мы павінны старацца пераўтвараць у малітву. Вось да гэтага нас заклікае св. Цэцылія – апякунка музыкантаў і касцёльнай музыкі,” - з гэтымі словамі кс. дзекан Вальдэмар Слота CSsR распачаў асвячэнне больш чым 100-гадовага аргана.
На пачатку св. Імшы святары зачыталі малітву, пасля акрапілі арган асвячанай вадой і акадзілі кадзілам.
Кс. Мікалай Ціхановіч, пробашч парафіі ў Вялікіх Эйсмантах, прывітаў гасцей, сярод якіх былі кс. пралат Юзаф Станеўскі, кс. прэфект Віталій Сідорка, Анджэй Хадкевіч - генеральны консул Польшчы ў Гродне, Віталій Ляховіч - прадстаўнік мясцовых уладаў, і Раман Біспінг з жонкай, сям’я якіх была адной з асноўных ахвярадаўцаў на рэстаўрацыю аргана.
Казанне прамовіў дзекан Бераставіцкага дэканату кс. Вальдэмар. Ён сказаў, што “калі ў доме з’яўляецца нешта новае, то гаворым – Дзякуем Пану Богу!” - і папрасіў сказаць гэтаксама. Далей ён звярнуў увагу, што ў сённяшнім чытанні напісана: “Мой дом – павінен быць домам малітвы” і дадаў “…і ўсё, што ў ім ёсць, павінна праслаўляць Бога”.
“Кароль Давід пісаў псальмы на Божую хвалу, … спяваў іх, выкарыстоўваючы вельмі простыя інструменты – арфа, цытра, бубенчыкі…і мы молімся імі (псальмамі) і сёння,” – працягваў прапаведнік.
“Ад Хрыста Касцёл атрымаў Евангелле, і каб перадаваць яго плённа і з моцай, быў патрэбны іншы інструмент, такі, як арган. Ён пераносіць нас ў іншы новы свет. Пераносіць, можна казаць смела, у неба,” – працягваў ён. Кс. Вальдэмар зрабіў акцэнт на тое, што ў Евангеллі ўсё жыццё Езуса Хрыста на зямлі суправаджаецца песняй, пачынаючы з калыханкі, якую яму спявалі анёлы і пастушкі і сканчаючы спевам радаснага “Аллелюя!” над пустым гробам.
“Хто спявае, той моліцца 2 разы,” – сказаў кс. дзекан.
Далей кс. Мікалай рассказаў, як пачалося аднаўленне аргана. Спачатку 10 студзеня 2012 года ён скіраваў просьбу аб дапамозе па справе рэстаўрацыі аргана ў Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны ў дэпартамент аховы забыткаў у Рэспубліцы Польшча. Сам працэс аднаўлення пачаўся ў канцы ліпеня гэтага года. Над арганам працавала польская фірма Кшыштафа Грэговіча з Беластока.
Падчас ацэначных работ высветлілася, што арган мае больш за 100 гадоў і быў зроблены фірмай Вацлава Бернадскага з Вільні. На пачатку ХХ ст. з успамінаў парафіян, жонка Яна Біспінга, пана з Масалян і мясцовага землеўладальніка, падарыла інструмент касцёлу, які быў пабудаваны ў 1850 годзе. Парафія існуе тут з 1640 года.
Падчас сучаснай рэстаўрацыі аргана не хапала яшчэ паловы ўсёй сумы для яго аднаўлення. І тады кс. Мікалай даверыў гэту добрую справу апецы Маці Божай. І ўжо пасля ён звярнуўся да Адама Бенедыкта Біспінга, які з вялікай ахвотай згадзіўся дапамагчы. Ён у сваю чаргу звярнуўся да многіх сваіх родных, якія жывуць у розных краінах, таму сродкі на рэстаўрацыйныя работы сцякаліся “з усяго свету”.
Адным з прыемных момантаў падчас рэстаўрацыі, па словах кс. пробашча, было тое, што арган дзіўным чынам захаваўся ў добрым стане – насякомыя яго не пашкодзілі, не так многа элементаў давялося замяніць, і ўнутры інструмента, куды ў савецкія часы скідвалі “смецце”, знайшлі шмат цікавых рэчаў, сярод якіх літургічныя кнігі, убранне, метрыкі хросту з ХІХ ст. і нават ХVІІІ ст.
Напрыканцы Эўхарыстычнай Ахвяры кс. Мікалай падзякаваў Маці Божай за апеку, усім ахвярадаўцам і тым, хто працаваў над аднаўленнем аргана, а таксама арганісту спадару Брунону і сп. Вользе, салістцы гродзенскай капэлы, за іх служэнне на хвалу Бога праз спеў і музыку.
Пробашч звярнуў увагу на новае гучанне аргана і запытаў: “Чуеце, якая розніца? Гэта ўсё на Божую хвалу. Нас не будзе, а яны будуць іграць.”
Пасля св. Імшы можна было паслухаць арган і спеў сп. Вольгі.
Падрыхтавала Марыны Белаблоцкая