17 лістапада ў в. Міхалішкі ў парафіяльным касцёле імя св. Міхала Арханёла, пасля св. Імшы адбыўся канцэрт кампазітара і выканаўцы ўласных песень Аляксандра Якіменкі.
Кампазітар, як і большасць таленавітых людзей, у знак удзячнасці Усявышняму за падараваны ім талент, прысвячае Богу свае творы. Аляксандр Якіменка, ствараючы духоўныя песні імкнецца падзяліцца імі, перадаць іх настрой слухачу. Працуе ў тандэме з вядомымі беларускімі паэтамі, неаднойчы выступаў на сталічнай сцэне.
Сярод іншых прагучала песня “Бог – мастак” на словы паэткі з Мінску Т. Трафімавай. Гэты верш яна прысвяціла вядомаму мастаку з Астравеччыны Алегу Драбышэўскаму. Песня “Истина” на словы А. Якіменка, у якой аўтар раскрывае перад слухачамі свой няпросты шлях да Бога, да ісціны; “Крыж праўды” - словы паэта-песенніка Івана Цітаўца з Мінска; “Святая малітва” на тэкст Пятра Шаколы. Слухаючы пранікнёныя словы, зачараваныя мелодыяй, людзі, магчыма, думалі кожны пра сваё, але раўнадушных не было: кожная песня пакінула свой след у сэрцах прысутных.
Ёланта Валуевіч