Skip to main content

XXXIII Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

XXXIII Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

Жудаснымі малююцца апошнія дні чалавецтва, таму праз сённяшнюю Літургію Слова Езус Хрыстус хоча перасцерагчы кожна з нас, Яго вучняў, даверыўшых Яму сваё жыццё, каб падзеі апошніх дзён не пахіснулі нашай веры.

 

На працягу гісторыі чалавецтва людзі хочуць даведацца пра дакладную датуканца свету: робяць гэта падлічваючы даты і цыфры з Бібліі, карыстаючыся дапамогай сатаны і яго прыслужнікаў, назіраючы за навакольным светам і прыродай (Ужо на працягу нашага жыцця перажылі не адзін канец свету:). Некаторыя вернікі даволі часта забываюць пра словы Езуса Хрыста з Евангелля паводле Мацвея: “А пра дзень той і гадзіну ніхто не ведае, нават Ангелы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзін” (Мц 24,36). Словы Збаўцы заахвочваюць нас не да падліку апошніх дзён, а да годнага, хрысціянскага жыцця, да прыгатаванасці ў кожным моманце нашага зямнога існавання да сустрэчы з Богам тварам у твар.

У сваіх словах Божы Сын напэўна не хацеў запалохаць падзеямі якія маюць адбыцца, але хацеў дадаць нам больш сіл і заахвоціць, каб мы здолелі быць пры Ім працягу нашага жыцця.

Езус перасцярагае кожнага з нас перад ілжывымі прарокамі і настаўнікамі, каб яны сваёй навукай не звялі і не адвялі нас ад Хрыста – сапраўднай крыніцы вечнага жыцця. Усе мы назіраем колькасць такіх “прарокаў” на працягу гісторыі, якія не яднаюць, не збіраюць, а робяць наадварот – разбураюць еднасць Яго Касцёла. У сувязі з гэтым узгадваюцца малітвы Езуса за сваіх вучняў: “Захавай іх у імя Тваё, тых, каго ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы” (Ян 17,11).

Далей Езус кажа нам пра войнах, прыродныя катаклізмы, голадзе, ахвярах, жахлівых з’явах і знаках на небе, якія маюць папярэднічаць канцу свету, але перад гэтым маюць адбыцца пераследы вернікаў. Наш Збаўца запэўнівае кожнага з нас аб клопаце за кожнага свайго вучня: “Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца, бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэыць праціўнікі вашыя. (…) Але і волас з галавы вашай не прападзе. Цярпеннем сваім уратуеце жыццё вашае” (Лк 21,14-15.18-19).

Чытаючы папярэднія сллвы паўстае пытанне: “А ці нельга было б дачакацца прыходу Езуса Хрыста без цярпення, без выпрабавання?” На гэтае пытанне даволі трафна дае свій адказ Луцый Сэнэка: “Чаму Бог на найлепшых пасылае хваробы сум, ці іншыя праблемы? Таму што і на вайне самыя складаныя і небяспечныя паручэнні атрымліваюць самыя кемлівыя, найлепшыя”.

Тыя, хто змагаецца з паўсядзённымі цяжкасцямі і праблемамі, павінен моцна ўсвядоміць, што яго любіць Бог. Менавіта праз цярпенні і выпрабаванні, як кажа лацінская прымаўка “Per aspera ad astra”(праз церні да зорак), мы можам дасягнуць многага. Хацеў распавесці прыклад з жыцця ўсім вядомага Хрыстафора Калумба, падарожжы якога добра вядомыя. Поспех экспедыцыі заўсёды вырашаў стойкі характар Калумба. З вялікай настойлівасцю, без аглядкі ён імкнуўся да сваёй мэты. Вялікую колькасць часу і сіл патрабавалі працэдуры па падрыхтоўцы экспедыцыі. Аднак самыя цяжкія моманты былі яшчэ наперадзе. Маракі стаміліся ад барацьбы з морам, хваробамі і страцілі веру ў сэнс выправы. Уздымалі нават бунты, каб вярнуцца назад. Толькі Хрыстафор ясна бачыў сваю мэты і шлях яе дасягнення. Вера і бескампраміснасць Калумба дапамаглі зрабіць адно з найбольшых геаграфічных адкрыццяў у гісторыі чалавецтва. У дзённіках Калумба, можна знайсці такія месцы, дзе ў самыя цяжкія моманты ён давяраўся Богу і ў Ім шукаў дапамогі. Магчыма Калумб добра памятаў словы Езуса: “Той, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца для Валадарства Божага”.

Дарагія чытычы нашага парталу Езус крочыць з намі, Ён ніколі не пакідае нас у самоце, адкажам жа Яму нашай жывой і дзейнай верай, нашай працай на карысць Божага Валадарства. Няхай святло веры заззяе для ўсіх веруючых, бо такое абяцанне да Бог праз вусны прарока Малахіі: “А для вас, хто баіцца імені Майго, узыдзе сонца справядлівасці, і аздараўленне будзе ў Яго промнях”(Мал 3,20а).