II Агульнабеларуская сустрэча святароў, якая ладзілася ў Мінску ў касцёле св. Сымона і Алены, прысвечаная тэматыцы святарскай вернасці завершылася вечарам, 15 лістапада.
Падчас сустрэчы, святары разам з іезуітам Станіславам Памыкалай разважалі пра дбайнасць святара над асабістай духоўнасцю, уважлівае слуханне ўласнага сэрца, што немагчыма зрабіць без працы над сабой. “Святар можа займацца рамонтам і іншымі справамі, але больш важным з’яўляецца менавіта праца над сваім сэрцам” – адзначыў святар, які таксама закрануў тэматыку адносін да людзей, сярод якіх яны нясуць сваё служэнне, належнай паставы адносна цэлебравання Эўхарыстыі і важнасці малітвы Касцёла (брэвіярыя).
Вітаючы ўсіх святароў, кс. арцыбіскуп Тадэуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, засяродзіўся над сутнасцю святарства – служэннем і выкарыстаннем кожнай магчымасці, дзеля таго, каб шукаць людзей для Хрыста.
Кс. арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ў сваю чаргу распаёў прысутным пра сваю сустрэчу і размову з папам Францішкам, якая мела месца каля двух месяцаў таму. Паводле слоў прадстаўніка Святога Пасада ў Беларусі, пантыфік падкрэсліў, што мясоваму Касцёлу “патрэбныя святары, годныя народа, які пакутаваў”.
Пасля прамовы апостальскага нунцыя, святары праслухалі даклад кс. д-ра Уладзіміра Гуляя на тэму “Святар на службе Касцёлу і грамадству ў сучаснай рэчаіснасці”, дзе быў раскрыты вобраз, якім павінен быць святар.
Пасля вылуханага дакладу святары прынялі ўдзел у круглых сталах прысвечаных літургічнай службе, кананічнаму праву, супрацоўніцтву душпастыраў са свецкімі асобамі, евангелізацыі пра СМІ і іншыя.
Агульнабеларускае спатканне святароў завершыла супольная Эўхарыстыя, якую ўзначаліў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі і старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Іерарх, цытуючы словы Бенедыкта XVI, заклікаў душпастыраў адкрываць прыгажосць веры і выказаў спадзяванне, што гэтая сустрэча "... пакіне прыгожы і трывалы след у нашых сэрцах і дапаможа нам яшчэ больш адказна і паспяхова спаўняць паслугу абвяшчэння Добрай Навіны, быць сведкамі Езуса Хрыста сярод людзей, да якіх Ён нас пасылае".
У гаміліі, якую прамовіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, было падкрэслена, што крыніцай святарства з’яўляецца Эўхарыстыя. Кс. арцыбіскуп указаў неабходнасць найперш асабістага навяртання святара, без чаго немагчыма прывесці да Хрыста іншых. На завяршэнне, архіпастыр пажадаў, каб святары маючы памазанне Святога Духа прыводзілі людзей да Хрыста.
У рамках святарскай сустрэчы кс. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч запрэзентаваў выдадзены ІІ том літургіі гадзінаў на беларускай мове.
Паводле Сatholicnews.by, Catholic.by