XХХIII Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч
Асноўным фактам хрысціянскай эсхаталогіі з'яўляецца другі прыход Езуса Хрыста. Уся гісторыя хрысціянства разгортваецца ў перыяд часу паміж першым і другім прыходам Збавіцеля. У гэтую гісторыю ўплецены лёсы ўсіх людзей - і жывых, і памерлых.
Другі прыход Хрыста будзе радыкальным чынам адрознівацца ад Яго першага з'яўлення на зямлі. У першы раз Хрыстос прыйшоў на зямлю ў вобразе раба, зрабіўшыся падобным на людзей і з выгляду стаўшыся, як чалавек, у другі ж раз Ён прыйдзе ў славе і велічы Свайго Бажаства.
Менавіта тэме другога прыхода ўдзяляецца вялікая ўвага і ў сённяшнім урыўку Евангелля. Па словах Збавіцеля, Яго прыходу будуць папярэднічаць шматлікія з'явы, прыдуць ілжэхрысты і ілжывыя прарокі, якія будуць выдаваць сябе за Хрыста і многіх увядуць у зман цудамі і знакамі. Час перад канцом свету апісваецца як перыяд сацыяльных і стыхійных бедстваў, калі будуць ісці войны, калі паўстане народ на народ і царства на царства; і будуць голад і землятрусы па месцах. Хрысціян будуць ненавідзець за імя Хрыстова, асуджаць на пакуты і забіваць, але той, хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены. Другі прыход Збавіцеля будзе раптоўным і нечаканым, ён застане знянацку тых, хто не рыхтуецца да яго. Адсюль заклік да пастаяннага і няспыннага чування, да вернасці Хрысту ва ўсіх акалічнасцях свайго жыцця.
Аднойчы, падчас зімовых спартыўных спаборніцтваў, адбыўся незвычайны выпадак. Адзін канькабежац на доўгай дыстанцыі, а менавіта - цэлых 10 км, неўзабаве пасля старту пераблытаў дарожкі і, натуральна, за такое парушэнне правілаў павінен быў сысці з дыстанцыі. Але ён чамусьці працягнуў бег. Дыктар строга нагадаў яму пра тое, што ён дыскваліфікаваны. А ён усё бег... Бег ... Трэнер і гледачы гучна крычалі яму: - Куды ты?! - Хопіць! - Спыніся!
Але ён нібы і не чуў. Працягваў гэты цяжкі і хуткі бег... Голас дыктара на ўвесь стадыён спачатку са здзіўленнем, а потым і захоплена, паўтараў: "Дыскваліфікаваны... Дыскваліфікаваны… Дыскваліфікаваны…"
І так да таго часу, пакуль гэты спартсмен, пад апладысменты ўсяго стадыёна, не завяршыў ўсю дыстанцыю.
Хто перамог у тым спаборніцтве, ужо ніхто не памятае, а гэтага - запомнілі. За яго ўпартасць і бескарыслівасць, бо бег ён ужо зусім не за медаль. Яму нават быў пастаўлены помнік.
Усё ў гэтым свеце вакол раіць, спакушае, крычыць кожнаму з нас: "Сыйдзі з дыстанцыі! Пажыві, як іншыя, ўволю... Не бойся граху! Адпачні... І ўвогуле, можа, тое, на што ты так спадзяешся - і не існуе зусім?
А мы павінны, як гэты спартсмен, ўпарта ісці да Бога. Крок за крокам... Год за годам... Усё сваё жыццё.
І калі, той спартсмен, заслужыў такую павагу і пашану ў людзей, то няўжо нас не чакае ўзнагарода ад Бога? Прычым, не які-небудзь там помнік, а няўвядальны, вечны вянок, за вернасць і працу, за цярпенне i стрыманасць.