12 лістапада, ў дзень літургічнага ўспаміну св. Язафата Кунцэвіча, іерарха, які дбаў пра еднасць і непадзельнасць Хрыстовага Касцёла, ў Заневічах асвяцілі намаляваную копію іконы, на якім прадстаўлены Полацкі грэка-каталіцкі арцыбіскуп. У гэты дзень якраз мінула 390 год з дня яго мучаніцкай смерці.
З гэтай нагоды, на ўрычыстую св. Імшу прыехала некалькі рыма-каталіцкіх святароў з Гродна, а таксама а. Андрэй Крот, душпастыр грэка-каталіцкай супольнасці ў горадзе над Нёманам. Літургію Найсвяцейшай Ахвяры ўзначаліў кс. Юрый Барташэвіч, душпастар, які служыць у Гродзенскай парафіі імя Беззаганнага Зачацця НПМ (мікрараён “Паўднёвы”). У часе пропаведзі, кс. Антоній Грэмза, віцэканцлер курыі Гродзенскай дыяцэзіі, наблізіў вернікам з Занявіч і ваколіц постаць гэтага вялікага святога нашай зямлі, а таксама заахвоціў бесперапынна працаваць над будаваннем адзінства ў супольнасці Хрыстовага Касцёла. Кс. Антоній між іншым нагадаў, што фундатары мясцовага мураванага храма – род Бажэнцкіх, асаблівым чынам ушаноўваў св. Язафата.
На завяршэнне св. Імшы звяртаючыся да прысутных, кс. Мікалай Ціхановіч, мясцовы душпастыр, раскрыў некаторыя падрабязнасці выбару менавіта копіі іконы, а не абраза: “Мы вельмі шмат думалі над тым, якую дакладна выяву святога заступніка нашага касцёла выбраць і затрымаліся над выявай святога прадстаўленай ва ўсходнім стылю – іконе. Выбар гэты невыпадковы, таму што неабходна падкрэсліць еднасць Каталіцкага Касцёла негледзячы на традыцыю; падкрэсліць еднасць у разнастайнасці, якая з’яўляецца нашым багаццем”.
Паводле словаў кс. Мікалая, абраз св. Язафата заняў сваё пачэснае месца ў Занявіцкім храме адразу пасля яго будаўніцтва, аднак у сярэдзіне ХХ стагоддзя ён быў скрадзены. Копію іконы палымянага прапаведніка ўніяцтва на нашых землях выканаў спадар Збігнеў Эйсмант з Вялікіх Эйсмантаў. Арыгінал іконы св. Язафата выкананы Ювеналам Макрыцкім і знаходзіцца ў катэдральным грэка-каталіцкім украінскім храме ў Парме (штат Агаё, ЗША).
Фота будуць дададзены пазней