Skip to main content

Папскі медаль быў уручаны мужу і жонцы

медаль “Pro Ecclesia et Pontifice” сям'і АўдзейУрачыстую святую Імшу 10 лістапада 2013 г. у францішканскім касцёле ў Гродне ўзначаліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. Як адзначыў а. Юзаф Макарчык, прысутнасць біскупа з’яўляецца асаблівай ласкай для парафіяльнай супольнасці і нагодай для таго, каб уручыць узнагароды. Падчас гэтай св. Імшы Францішак і Марыя Аўдзей атрымалі папскія ўзнагароды “Pro Ecclesia et Pontifice” (За заслугі перад Касцёлам і Папам).

 

У гаміліі кс. бп Аляксандр прыгадаў вернікам аб сэнсе жыцця і прапанаваў задумацца над праблемай смерці, жыцця і пакарання. Прапаведнік прасіў вернікаў прыгадаць тыя пачуцці, якія ім спадарожнічалі падчас наведвання могілак і малітвы за памерлых. Ходзячы па могілках, кожны мог убачыць шмат розных надмагілляў, якія прадстаўлялі жыццё пахаваных пад імі людзей. Гэта розныя людзі, “зямля ўсім дае тую самую ўзнагароду”, – адзначыў іерарх. Многія маглі спытаць у саміх сябе, дзе ж тут справядлівасць. “Ёсць толькі адзін знак, – сказаў ксёндз біскуп, – які прыгадвае нам, што існуе Божая справядлівасць. Гэтым знакам з’яўляецца крыж, які ўзносіцца ўвысь, нібы паказваючы, што справядлівасць менавіта там”.

Ксёндз біскуп заахвоціў вернікаў, каб знак крыжа заўсёды быў моцна ўпісаны ў іх сэрцы, бо ён з’яўляецца “знакам веры ва ўваскрасенне. Знакам, які надае правільны напрамак чалавечаму жыццю”. Калі чалавек стараецца жыць верай ва ўваскрасенне, гэтая вера ўплывае на яго штодзённае жыццё. Трэба толькі даверыцца і паверыць. На прыканцы гаміліі ксёндз біскуп прыгадаў вернікам постаць св. Юды Тадэвуша і папрасіў усіх па прыкладзе гэтага святога насіць у сабе Хрыста.

На заканчэнне Эўхарыстыі а. Юзаф Макарчык зачытаў папскі ліст, а кс. бп Аляксандр уручыў медаль Францішку і Марыі Аўдзей. Як пазней адзначыў а. Юзаф, пробашч францішканскай супольнасці, гэта вельмі важная і гістарычная хвіліна, бо гэта першы выпадак у Беларусі, калі муж і жонка разам атрымліваюць узнагароды ад Папы. Пра спадара Францішка а. Юзаф сказаў, што “гэта той чалавек, якому вера дапамагае адкрываць вочы на патрэбы іншых”. Пробашч прыгадаў аб дапамозе, якую аказвае сям’я Аўдзей для францішканскай парафіі, семінарыі і для парафій у Адэльску і Капцёўцы, а таксама аб многіх іншых добрых учынках на Божую хвалу. Пра сям’ю Аўдзей айцец Макарчык сказаў, што гэта простыя людзі малітвы, якія заўсёды застаюцца вернымі Богу.

Перад благаслаўленнем кс. бп Аляксандр выказаў пажаданні героям гэтай папскай урачыстасці, а таксама ўсім сабраным на Імшы вернікам, каб яны заўсёды былі верныя Хрысту і імкнуліся да святасці. Папская ўзнагарода “Pro Ecclesia et Pontifice” – найвышэйшая адзнака, якую Святы Айцец можа надаць кансэкраваным асобам і свецкім вернікам. Вялікія заслугі тых людзей, якія заўсёды верныя Богу і любяць Касцёл.

Кс. Павел Салабуда