Skip to main content

XХХII Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

XХХII Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

“А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей засведчыў, кажучы пра куст, калі назваў Пана “Богам Абрагама, і Богам Ісаака, і Богам Якуба”. Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць”. (Лк 20,38)

Дарагія чытычы нашага парталу, сёння літургія слова звртае нашу ўвагу на вечнае жыццё і на Уваскрасенне памерлых.

У першым чытанні з другой кнігі Макавейскай аўтар ставіць перад намі сем братоў з іх матуляй, якіх кароль Антыёх хоча прымусіць парушыць Божы Закон, праз пакаштаванне свініны. Чытанне не перадае нам катаванні ўсіх семярых і іх маці, але перадае кожнаму з нас іх мужны дух, іх моцную і жывую веру: “Мы гатовы хутчэй памерці, чым парушыць бацькоўскі закон”. Вельмі моцныя словы, якія маюць кожнаму з нас, людзям жывучым у дваццаць першым стагоддзі, дадаць моцы ў вызнаванні і сведчанні веры ў грамадстве. 

Не з'яўляецца сакрэтам, што мы з вамі дарагія жывём у свеце, перапоўненым інфармацыяй, седзячы перад кампутарам ці тэлевізарам, мы з вамі ведаем, што адбываецца за тысячы кіламетраў, і кожны з нас можа выказаць сваё меркаванне ў той ці іншай справе, нават не з'яўляючыся экспертам і застацца пры гэтым ананімам ці пахваліцца перад іншымі, які я “разумны”. Іншыя ж, чытаючы гэтыя “навіны”, слухаючы іх і, не ўнікаючы ў сутнасць тэмы, мяняюць сваё меркаванне, мяняюць свой светапогляд. Многія з вас цяпер могуць сказаць, што аўтар адкланіўся ад тэмы разважання, пры чым вера, Уваскрасенне, сённяшняя літургія слова і сродкі масавага пераказу. Але ці на самой справе паміж імі нельга правесці паралель?

Я думаю, што можна, так як мы хрысціяне ў большасці сваёй трацім свае карані. Мы з вамі вельмі часта шукаем якойсці экзотыкі ў вызнаванай веры: той выганяе духаў, той гаворыць языкамі, той лепш моліцца, той робіць вось гэта, той штосці іншае і мы з вамі як тыя галінкі ў дрэва, куды вецер, туды і мы, а свае паводзіны, сваё жыццё мы не змяняем – мы абляпляем ВЕРУ як бы тымі караламі, забываючыся, што сутнасцю яе з'яўляецца Бог і Яго закон, Яго абяцанні аб вечным жыцці, аб Уваскрасенні. У часе нядаўніх сустрэч маладых святароў, наш ксёндз мадэратар Мікалай Ціхановіч заахвоціў нас да чытання і разважання Божага Слова, бо з яго кожны з нас святароў, а таксама і кожны веруючы павінен чэрпаць моц і сілы да паўсядзённага жыцця. У Божым Слове кожны з нас зможа знайсці адказы для годнага жыцця – адказы, дзякуючы якім жыццё набярэ сэнсу.

Заўважце, што кожны з сямі братоў мог ацаліць сваё зямное жыццё – проста пакаштаваўшы свініны, але кожны з іх разумеў, што яно мае свой крэс, а найважнейшым з'яўляецца жыццё вечнае, залежнае ад веры чалавека, якую ён павінен берагчы і абараняць у часе зямнога жыцця – нават яго коштам. І такіх прыкладаў на нашай бацькаўшчыне мы маем шмат: благаслаўлёныя сёсты з Навагрудка, благаслаўлёныя айцы марыяне Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра з Росіцы, благаслаўлёная Мар,яна Бярнацкая і многія іншы, якія аддалі сваё жыццё за іншых, бо так вучыла іх жывая вера. Кожны з іх вучыць нас жыццця паводле Божых наказаў, паводле Яго Слова – Слова, якое стала Целам, якое прыняло мучаніцкую смерць, Слова, якое ўваскрэсла, даўшы надзею і абяцанне для кожнага веруючага ў Яго. У гэтым кожны з нас можа ўпэўніцца праз чытанне і разважанне Божага слова і Традыцыі Касцёла.

Аднак, нажаль, многія з нас больш жывуць слухамі ад кагосьці пачутымі і вельмі часта пастаўленымі з ног на галаву, і гэта датычыць нават пытанняў веры. Мы справы зямнога жыцця пераносім на справы жыцця вечнага, як гэта адбылося і з садукеямі, адмаўляючымі ўваскрасення. Іх больш турбавала пытанне аб тым, чыёй жонкай будзе жанчына, якая мела за мужоў сем братоў, а не справа ўваскрасення памерлых.

Уваскрослы Езус хоча звярнуць нашу ўвагу сёння, каб мы прыклалі намаганні і стараліся стаць Яго сапраўднымі сведкамі: праз прыклад жыцця і малітву за іншых, асабліва за абвяшчаючых Валадарства Божае, кожны з нас прызваны быць прарокам хрысціянскай надзеі і апосталам “таго, Які ёсць, быў і Які прыйдзе” (Ап 1,4) Да гэтага заклікае Тэсаланікійцаў і нас Апостал Павел: “Маліцеся за нас, каб слова Пана пашыралася і праслаўлялася, як гэта ёсць сярод вас, і каб мы ўратаваліся ад падступных і ліхіх людзей; бо не ва ўсіх ёсць вера. … А Пан няхай накіруе сэрцы вашыя да Божай любові і да Хрыстовай цярплівасці” (пар. 2Тэс 3,1-5). Святы Айцец Павел VI у 1975 годзе ў апостальскай адгартацыі “evangelii nuntiandi” пісаў, што сучасны чалавек ахвотней слухае сведкаў, чым настаўнікаў, а калі і слухае настаўнікаў, то таму, што яны з’яўляюцца сведкамі (41). Няхай кожны з нас будзе сведкам Уваскрослага Пана.