Skip to main content

XХХII Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

XХХII Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Дарагія браты і сёстры, сёння мы з вамі пачулі ўрывак Святога Евангелля паводле Лукі, дзе апавядаецца, як да Езуса падышлі садукеі, і, спакушаючы Яго, задалі пытанне аб уваскрашэнні, хоць і нe верылі ў яго.

Езус адказвае не толькі ім, але і нам, што калі з мёртвых уваскрэснуць, то не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, але будуць як анёлы на нябёсах. Гэта значыць, калі будзе агульнае ўваскрасенне з мёртвых, то ўжо не будзе паняццяў “муж”, “жонка”, а жыццё людзей будзе падобнае на жыццё анёлаў, яно будзе цалкам іншым.

Пан прыводзіць словы са Старога запавету, а менавіта з Торы, калі Бог называе Сябе Богам Абрагама, Ісаака і Якуба і пры гэтым звяртаецца да Майсея. Абрагам, Ісаак і Якуб даўно памерлі, але Бог называе Сябе іхнім Богам. А хіба можа Бог спасылацца на мёртвых, якія не могуць пацвердзіць Яго словы? І такім чынам Езус паказвае садукеям, што і Тора сведчыць пра жыццё пасля смерці, сведчыць ім пра тое, што ўсё Святое Пісанне абвяшчае ўваскрасенне з мёртвых. І мы, браты і сёстры, у гэта верым; і жывем ў надзеі на ўваскрашэнне з мёртвых і на ўзнагароду за ўсё тое, што мы выканалі на зямлі. Гэтаму вучыць нас Евангелле, гэтаму вучыць нас Езус, гэтаму вучыць нас усё Святое Пісанне.