XХХI Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк
Дарагія ў Хрысце Пану чытачы нашага парталу, сёння святое Евангелле звяртае ўвагу кожнага з нас на гасціну Езуса Хрыста ў грэшнага чалавека і на тое, як гэта гасціна, асабістая сустрэча са Збаўцай Свету, перавярнула з ног на галаву жыццё гаспадара дому.
Езус праходзіць праз Ерыхон у сваёй дарозе да Ерузалема. Разам з ім ідзе натоўп людзей, каб слухаць Яго навукі, каб Ён вылечыў іх хваробы і проста цікаўных, каб паглядзець на цуды, якія здзяйсняе. І ў такім вялікім натоўпе паглядзець ці наблізіцца да Настаўніка вельмі цяжка, а можа нават немагчыма. Кожны з нас можа ўзгадаць са свайго жыцця такую сітуацыю, калі хацелася нешта ўбачыць, ці можа кагосці знайсці, а бачыш перад сабой толькі плечы ці патыліцу чалавека, якi перад табой стаіць.
І вось у гэтым натоўпе праціскаецца да Езуса Хрыста і наш герой, каб паглядзець на Яго, кіраўнік мытнікаў і багаты чалавек па імені Закхей. Як кажа нам Евангеліст Лука, Закхей быў малога росту, і як ён не стараўся, але ўбачыць Настаўніка, а тым больш наблізіцца, яму не ўдавалася. І наш герой знайшоў выхад у гэтай сітуацыі: ён бяжыць наперад, дзе Езус павінен будзе праходзіць, і ўзбіраецца на дрэва. Чытаючы пра гэта я асабіста запытаўся ў сябе, ці я зрабіў бы так. І ведаеце, вельмі цяжка адказаць; праз тваю вёску ці горад праходзіць Чалавек, аб якім ты шмат чуў, які абвяшчае аб надыходзе Божага Валадарства, а ты займаеш значнае мейсца ў грамадстве і праз гэты ўчынак выставіш сябе на насмешкі ад людзей. Не многія з нас адважыліся бы на такое.
Закхей жа за свой учынак атрымаў узнагароду, Езус ідзе ў яго дом: “Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння мне трэба быць у тваім доме”. Езус ідзе ў дом да “грэшнага чалавека”, да таго, хто працуе на рымлянаў, збіраючы падатак (з мытнікамі і з іх працай мы з вамі пазнаёміліся на мінулым тыдні).
Гасціна Езуса ў доме Закхея аказалася вельмі важнай. Гаспадар дому, як чытаем, паабяцаў: “Вось палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ашукаў, аддам у чатыры разы больш”. Закхей хоча выправіць сваё жыццё, хоча вярнуцца да першачарговай святасці, якую з-за працы, акружэння, часу занядбаў - адышоўшы ад Бога, звярнуўся да бажкоў свету.
Як блізка гэта нам. Мы хрысціяне дваццаць першага стагоддзя патрабуем таксама навяртання. Езус прыходзіць да кожнага з нас, а мы з Вамі саромемся змяніць сваё жыццё, паводзіны, бо заўсёды глядзім не на тое, што пра нас думае Бог, і што тым ці іншым учынкам прычыняем Яму боль, а звяртаем увагу на тое, што пра нас скажуць людзі. Бог не патрабуе ад нас узбірацца на дрэвы, як гэта зрабіў Закхей, каб ўбачыць Хрыста, а хоча, каб мы змянялі жыццё паводле Яго навукі. Бог заўсёды выходзіць насустрач сваім дзецям, каб наш шлях да Яго быў карацейшы, мы робім адзін крок у Яго бок, а Бог робіць іх у сотні, а можа нават тысячы разоў больш. Аўтар Кнігі Мудрасці зазначае: “Ты літуешся над усімі, бо ўсё можаш і не зважаеш на грахі людзей, каб яны маглі навярнуцца. Ты ўсё шкадуеш, бо яно Тваё, о Пане, які любіш жыццё” (пар. Мдр 11,24.27).
Прыклад Закхея павінен кожнага з нас падбадзёрыць да змены паводзінаў і жыцця. Вельмі часта можна пачуць ад людзей: “Такім ужо я нарадзіўся. Нічога ўжо нельга змяніць…” І сёння Езус кажа кожнаму: “Можна змяніць тваё Жыццё, ты можаш падняцца над сваім грахом. Я цябе вельмі моцна кахаю, дазволіўшы Мне ўвайсці ў дом твайго сэрца, дазволь Мне ў ім застацца назаўсёды. Разам Мы зможам дайсці да Раю.” І калі кожны з нас дазволіць Езусу Хрысту змяніць сваё жыццё, калі ўпусціць яго ў сваё сэрца, то спаткае вялікую Сям,ю дзяцей Божых, якія, як напаміне нам Апостал Павел, моляцца за нас, каб Бог прызнаў нас годнымі паклікання (пар 2Тэс 1,11). А крочыць разам з кімсці намнога зручней, весялей. Прыпамінаецца на прыканцы дзіцячая песенка з кінафільма “Дзяніскіны апавяданні”, “Если с другом вышел в путь”.
Няхай кожны з нас прыкладзе намаганні, каб змяніць сваё жыццё, бо гэта ў нашай моцы, разам з намі ідзе Езус Хрыстус, а за кожнага з нас узносіць перад Божы трон свае малітвы вялікая сям'я дзяцей Божых - Святы Касцёл.