Skip to main content

У Гродне адбыўся семінар-трэнінг па абароне жыцця

IMG 3853 thumb25 – 27 кастрычніка ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) па вул. Курчатава, 41, пройшоў семінар-трэнінг “Абарона жыцця і традыцыйных сямейных каштоўнасцей”, арганізатарам якога быў фонд “Адкрытыя сэрцы”.

“Жыццё было даверана чалавеку як бясцэнны скарб. Праўда аб недатыкальнасці жыцця ўпісана ў сэрцы чалавека і ў яго сумленне, і чалавек павінен даць справаздачу перад Богам, як ён распараджаўся гэтым скарбам жыцця. Абараняць хрысціянскія каштоўнасці - гэта абавязак вернікаў і адзін з спосабаў новай евангелізацыі,” – гаварыў Тадэвуш Кандрусевіч падчас св. Імшы 21 верасня 2013 года ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, прысвечанай абароне жыцця, дзяцей і сям’і.

100 дзяцей выратавана ад абортаў намаганнямі гэтай арганізацыі. Менавіта 100-ты – юбілейны маленькі чалавек нарадзіўся ў Гродне. Вядучымі семінара былі Уладзіслаў Валаховіч (кандыдат багаслоўя, дырэктар фонда “Адкрытыя сэрцы”) і Іван Пузанаў (педагог, супрацоўнік фонда “Адкрытыя сэрцы”).

Семінар распачаўся ў пятніцу вечарам са знаёмства, усе крыху рассказалі пра сябе, дзе працуюць, чым займаюцца, з якой мэтай прыйшлі на семінар-трэнінг і як даведаліся пра яго. Адразу стала зразумела, што аўдыторыя рознафарматная і зацікаўленая, прыйшлі настаўнікі, катэхэты, псіхолагі, валанцёры, працаўнікі сацыяльнай службы, прыходзілі сем’ямі, з дзецьмі, і не толькі каталікі, але і праваслаўныя. Прыйшлі паглыбіць свае веды, пагутарыць з аднадумцамі, прапанаваць сваю дапамогу. Увесь час падыходзілі новыя людзі, у цэлым колькасць удзльнікаў семінара была каля 15 чалавек. За тры дні было разгледжана і абмеркавана шмат тэм і зададзена яшчэ больш пытанняў. Паміж іншымі распавядалі пра плоднасць і дзетанараджэнне ў Бібліі, пра палавое выхаванне дзяцей і моладзі ў Еўропе і Беларусі, пра кантрацэпцыю і ЭКА, пра праблему абортаў, эўтаназіі, пра мараль і грамадзянскі шлюб, перадшлюбную цнатлівасць, шматдзетнасць і традыцыйныя сямейныя каштоўнасці.

Улічваючы, што лекцыі праходзілі з раніцы да вечара, арганізатары паклапаціліся аб абедах для ўдзельнікаў.

Падвядзенне вынікаў было ў нядзелю вечарам. Была арганізавана група людзей, якая будзе дапамагаць арганізацыі “Адкрытыя сэрцы” ў Гродне.

Дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы» быў створаны і зарэгістраваны ў Магілёве ў жніўні 2009 года, але фактычна сваю дзейнасць па ахове жыцця і сям’і распачаў у 2007 годзе.

На сённяшні дзень больш за 50 валанцёраў працуе ў розных гарадах Беларусі, яны неабыякавыя да сітуацыі, у якой апынуліся многія сем'і. Больш за ўсё валанцёраў у Магілёве - 17 чалавек.

Існуе тэлефон даверу пры крызіснай цяжарнасці - тэл. 3062222 (Velcom, МТС). Але тэлефануюць і з іншымі пытаннямі або пагаварыць аб праблемах у сям'і, параіцца.

З 2008 года арганізацыя ў Віцебску і Магілёве праводзіць штодзённае малітоўнае дзяжурства і кансультаванне жанчын перад абортам у аддзяленнях неадкладнай гінекалогіі і жаночых кансультацыях. Дзякуючы гэтаму прыкметна паменшылася колькасць абортаў. А таксама аказваюць духоўную, псіхалагічную і матэрыяльную дапамогу маці і сем'ям, якія захавалі жыццё сваім дзецям. Рыхтуюць жанчын да натуральных родаў. З верасня 2009 года выпускаецца бюлетэнь «Адкрытыя сэрцы».

Працуе сайт, на якім рэгулярна абнаўляецца інфармацыя.

Распаўсюджваюцца буклеты і ўлёткі, развешваюцца тэматычныя стэнды ў абарону жыцця ў жаночых кансультацыях і дзіцячых дамах. Праводзяцца выступы ў розных аўдыторыях. Арганізоўваюцца семінары для валанцёраў-абаронцаў жыцця. Працуюць з сямейнымі парамі, якія хочуць мець дзяцей. Мае месца практыка духоўнага ўсынаўлення. У апошнія гады ў Беларусі праводзіліся аўтапрабегі, крыжовыя хады і маршы ў абарону жыцця.

Дзякуючы міжнароднаму руху «У абарону жыцця» (пралайф, Pro-life) выратавана мноства нявінных жыццяў ў Расіі, ЗША і краінах Еўропы. Пра гэта можа сведчыць той факт, што да 2010 года на тэрыторыі ЗША засталося 700 абартарыяў з 2200 існуючых раней.

Падрыхтавала Марына Белаблоцкая