Skip to main content

У Квасоўцы адсвяткавалі 100-годдзе з дня адыходу да Пана бл. Цэліны Бажэнцкай

У суботу 26-га кастрычніка парафія ў Квасоўцы адзначыла 100-годдзе з дня адыходу да Пана бл. Цэліны Бажэнцкай. На ўрачыстасці прысутнічаў Казімір Вялікаселец, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі, шматлікія святары, прадстаўнікі мясцовай улады і вернікі.

 

Падчас урачыстага малітоўнага святкавання быў адчытаны ліст Генеральнай настаяцельніцы сясцёр змёртвыхпаўстанак у Рыме маці Тэрэзы Марыі Крэфт CR, менавіта сузаснавальніцай гэтай кангрэгацыі з’яўляецца благаслаўлёная Цэліна.

Кс. біскуп Казімір Велікаселец, які таксама ўзначальваў св. Імшу, у казанні заклікаў вернікаў наследаваць паставу благаславёнай - яе веру і адданасць Богу.

Пасля літургіі Эўхарыстычнай Ахвяры пробашч мясцовай парафіі, кс. Ян Занеўскі прэзентаваў кнігу пад назвай “Слядамі благаславёнай маці Цэліны і маці Ядвігі Бажэнцкіх на Беларусі”, аўтарства с. Анны Хэлены Скалік CR, дзе апісваецца гісторыя і сучаснуя дзейнасць сясцёр кангрэгацыі.

Пасля св. Імшы вернікі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі бл. Цэліны Бажэнцкай.

Паводле Сatholic.by

Фотарэпартаж з урачыстасці

Цэліна Бажэнцкая (у дзявоцтве Хлюдзінская) нарадзілася ў 1833 годзе ў Антовілі каля Оршы. З дзяцінства яна прагнула ўступіць у кляштар, аднак бацькі і спаведнік палічылі, што ёй трэба выйсці замуж. Больш чым 20 год яна наведвала парафіяльны касцёл у Заневічах, жывучы ў фальварку Абрэмшчына. Сваю радзіму пакінула ў 1875 годзе пасля смерці мужа Юзафа, выехаўшы ў Рым, каб рэалізаваць сваё манаскае пакліканне ў якасці заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста (Змёртвыхпаўстанкі).