19 кастрычніка ў Крэве быў асвечаны касцёл Перамянення Пана, які знаходзіцца на вул. Смаргонскай. Асвяціў святыню Яго Эксцэленцыя кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі.
Урачыстую св. Імшу на чале з іерархам цэлебравалі дзекан Смаргонскага дэканату, кс. Здзіслаў Вэдэр SDB, рэктар ВДС у Гродне, кс. прэлат Юзэф Станеўскі, які да вернікаў прамовіў казанне, а таксама святары з іншых парафій. Асновай літургічнага абраду асвячэння было акрапленне асвечанай вадой сцен касцёла, спецыяльная форма малітвы, намашчэнне алтара і сцен храма алеем, а таксама яго акаджэнне.
Парафія рыхтавалася да гэтай падзеі 18 гадоў. Касцёл пабудавалі ў 1995 годзе, дзякуючы ахвярнасці вернікаў і дапамозе мясцовых уладаў. Будаўніцтва распачаў салезіянін кс. Генрых Багушэўскі. На працягу апошніх 7 гадоў пробашчам з’яўляецца кс. Юрый Церабей. А ў 2012 годзе парафія святкавала 625 гадоў са дня ўтварэння.
Падрыхтавала Марына Белаблоцкая