Skip to main content

XХIХ Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

XХIХ Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

У сённяшнім фрагменце Евангелля Езус расказаў нам прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам.

У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. У тым самым горадзе была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: "абарані мяне ад праціўніка майго". Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: хоць я і Бога не баюся і людзей не саромеюся, але з-за таго, што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне. Сказаў тады Хрыстос: чуеце, што кажа несправядлівы суддзя? Дык ці ж Бог не абароніць выбраных Сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч?

Суддзя, прадстаўлены ў гэтай прыпавесці, не меў павагі ні да права, ні жалю да пакутуючай жанчыны. Удава, якая настойвала на сваёй справе перад ім, увесь час атрымлівала адмову. Зноў і зноў яна прыходзіла да яго толькі для таго, каб сустрэць пагардлівае да сябе стаўленне і быць выгнанай ад судзейскай лавы.

Суддзя ведаў, што яе справа была добрай, і ён мог бы адразу дапамагчы ёй, але не хацеў. Ён хацеў паказаць сваю неабмежаваную ўладу і яму падабалася прымушаць яе прасіць і звяртацца да яго. Але жанчына не падала духам і не губляла мужнасці. Нягледзячы на яго абыякавасць і жорсткасць сэрца, яна настойвала на сваёй просьбе да таго часу, пакуль суддзя не згадзіўся заняцца яе справай.

 

Хрыстос малюе тут рэзкі кантраст паміж няправедным суддзёю і Богам. Суддзя здаўся на просьбу ўдавы проста з пачуцця эгаізму, каб вызваліцца ад яе настойлівасці. Ён не адчуваў да яе ні жалю, ні спагады, і яе няшчасце было нішто для яго. Як жа супрацілеглы гэтаму разуменю Бог, у адносінах тых, хто шукае Яго.

Паважаныя, гэтая прыпавесць не азначае, што мы можам быць загаддзя ўпэўненыя ў тым, што атрымаем усё, пра што молім Бога. Вельмі часта бацька вымушаны адмовіць свайму дзіцяці, таму што ён ведае: тое, што дзіця просіць, хутчэй за ўсё, прычыніць яму шкоду, чым дапаможа яму. Таксама і Бог. Мы нават не ведаем, што чакае нас у наступную хвіліну, не кажучы ўжо пра тое, што будзе праз тыдзень, праз месяц ці год. Толькі Бог бачыць далёка наперад, і толькі Ён ведае, што ў канчатковым рахунку, пойдзе нам на карысць. Вось таму Хрыстос кажа, што трэба заўсёды маліцца і не губляць надзеі. Мы ніколі не стомімся маліцца і наша вера ніколі не пахіснецца, калі, узнёсшы Богу свае малітвы і просьбы, мы ўзнясём і самую дасканалую малітву: "Будзь воля Твая..."