У чацвер, 17-га кастрычніка, ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Тракельскай адбыўся дзень засяроджання для святароў, якія нясуць сваю пастырскую паслугу на Гродзеншчыне. На духоўнай сустрэчы прысутнічаў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі.
Спатканне распачалося гімнам да Святога Духа і малітвай Літургіі гадзінаў. Пасля святары мелі магчымасць прыступіць да споведзі і памаліцца перад Езусам Хрыстом схаваным пад сакрамэнтальным знакам хлеба. Аскетычная канферэнцыя, якую прамовіў кс. д-р Мікалай Ціхановіч, была прысвечана некаторым аспектам душпастырскага служэння святароў і паглыблення іх асабістых адносін з Богам.
Св. Імшу ўзначаліў кс. бп Аляксандр Кашкевіч. У сваёй гаміліі Гродзенскі ардынарый, канцэнтруючыся над асобай св. Ігнація з Антыохіі, аднаго з першых айцоў Касцёла, звярнуў увагу на неабходнасць будавання і ўзмацнення адзінства, імкнення да святасці, а перш за ўсё сведчанне аб Хрысце асабістым жыццём у супольнасці веруючых у Хрыста.
Пасля літургіі Эўхарыстычнай Ахвяры прысутныя праслухалі аб'явы курыі Гродзенскай дыяцэзіі.