Skip to main content

У Лідскім фарным касцёле адбыліся святыя місіі

З 6 па 13 кастрычніка у Лідзе, у парафіі Узвышэння Святога Крыжа, праходзілі святыя місіі, якія праводзілі айцы рэдамптарысты: а. Андрэй Шчупал, а. Валерый Мазюк і а. Андрэй Ядкоўскі. Для парафіянаў гэты быў час Божага слова, духойнай перамены і шчырага навяртання. Было заўважна, што навукі прыносяць свой плён: людзі пачалі разважаць над сваім жыццём, рыхтаваліся да шчырай споведзі, колькасць удзельнікаў у місіях павялічвалася з дня на дзень.

 

Кожны дзень меў сваю тэматыку. У нядзелю, панядзелак, аўторак і чацвер праводзіліся навукі для жанчын, мужчын і моладзі. Айцы падкрэслівалі, што кожны павінен сведчыць аб сваёй веры не толькі ходзячы у касцёл, але ўсё наша жыццё павінна быць сведчаннем. У сераду адбыўся крыжовы шлях вуліцамі горада. Удзельнікі набажэнства былі доказам таго, што хрысціяне, католікі, не баяцца паказваць сваю веру. Для простых мінакоў гэта магло быць прычынай пераасэнсавання сваіх поглядаў. Некаторыя станавіліся на калені і ксціліся, іншыя проста пыталі, што гэта такое.

У пятніцу адбылося ўрачыстае аднаўленне сужэнскіх абяцаннаў. Спачатку а. Андрэй правёў лекцыю для сямей. ”Сапраўдная любоў гэта тая, якая злучае вас. Таты і мамы павінны дапамагаць адзін адному для будучыні сваіх дзяцей. Памятаеце, калі вы былі маладымі, то каханне было вельмі вялікім. А зараз нават часу не хапае, каб паразмаўляць са сваёй жонкай ці мужам. Гэта ўрачыстасць і патрэбна для тога, каб кожны з вас аднавіў свае сужанскія абавязкі, каб паглядзець адзін адному у вочы. Ваша любоў з’яўляецца сапраўдным вогнішчам. Да вогнішча трэба заўсёды падкідаць дровы. А калі гэтага не робіш, то яно і зусім знікае. Так і з вашай любоўю. Дадавайце да яе словы, учынкі. Для сапраўднага кахання патрэбны ўчынкі. Бо сказаць толькі ”я цябе кахаю” –гэта яшчэ не ўсё. Даказвайце яе ўчынкамі. Умейце прабачаць адзін аднаму. Вось гэта і будзе сапраўдная любоў. Не бойцеся запрашаць у справы сям’і Бога. Езус казаў нам: ”Вось вам мае прыказанні, каб вы любілі адзін аднога”. Сям’я з Езусам- моцная сям’я. Шмат сямей у наш час жывуць бяз Бога і касцёла, бо яны хочуць рабіць ўсё самастойна. Такая сям’я хутка можа разваліцца. Памятайце: сям’я з Богам – моцная сям’я, і гэта галоўнае”, - казаў місіянер.

Пазней распачалося аднаўленне абяцанняў. Святар, у знак яднання сям’і, абвязваў рукі жонкі, мужа і іх дзяцей стулай. Магчыма той момант быў для кагосьці пераломным, бо гэты акт патрабаваў развагі і роздуму над сваім сямейным жыццём.

У нядзелю айцы кожны з прысутных меў магчымасць атрымаць парафіяльны адпуст. Было бачна, што за гэтыя 8 дзён духоўны свет кожнага, хто прымаў удзел у місіях, сапраўды змяніўся. Усе яшчэ болей наблізіліся да нашага Збаўцы і змаглі знайсці месца для Бога і касцёла у сваім сэрцы і штодзённым жыцці.

Ганна Маёрава