На працягу некалькіх месяцаў адбывалася рэстаўрацыя Пабрыгідскага касцёла ў Гродне. Хуткаму аднаўленню святыні папярэднічала некалькігадовая падрыхтоўка і ахвярнасць людзей добрай волі. Вернікі на чале з Гродзенскім ардынарыем і рэктарам храма падзякавалі Богу і ўсім тым, хто прычыніўся да рэалізацыі гэтага добрага замеру.
Душпастар Пабрыгідскага рэктаральнага касцёла, кс. Антоній Грэмза не хаваў вялікай радасці і задавальнення з-за адносна хуткай рэстаўрацыі, нават ўлічваючы даволі складаны бюракратычны працэс збору неабходных дакументаў, дазволаў і архітэктурных экспертыз. Святар ад свайго імя выражае шчырую падзяку Богу і ўсім тым, хто паспрыяў рэстаўрацыі будынку касцёла: ахвярадаўцам, інжынерам і прадстаўнікам фірмаў, якія дапамагалі матэрыяламі; выканаўцам: будаўнікам і рэстаўратарам. Асаблівыя словы ўдзячнасці выражаюцца спадару Яну Заману, які дапамагаў у зборы дакументаў экспертыз, які даваў парады, падчас стварэння праекта рэстаўрацыі. Спадар Ян на працягу многіх гадоў дапамагае ў падтрыманні святыні ў добрым стане. Словы падзякі таксама складаюцца на рукі спадара Станіслава Габінскага і яго сына Віталія, Дзяніса Янкунаса, Аляксея Папко, якія ў якасці выканаўцаў прылажылі вялікія намаганні, каб якасна выканаць сваю працу. Вялікі дзякуй вернікі, на чале з душпастарам, кажуць прадстаўнікам фірмы Капарол ў г. Гродна, а асабліва яе кіраўніку, Сяргею Таланкевічу, якія дапамагалі дастаўляць неабходныя будматэрыялы.
Кс. Антоній падзяліўся некаторымі планамі адносна далейшых прац звязаных з будынкам касцёла:
“Планы канечне вельмі вялікія, мы канечне хочам аднавіць унутраную прыгажосць касцёла, алтары, якія былі знішчаныя ў выніку таго, што ў касцёле месціўся склад псіхіятрычнай бальніцы. Ёсць намер зрабіць падсвятленне сакральнага аб’екта, каб людзі маглі бачыць яго прыгажосць вечарам і ноччу. Гэта планы на найбліжэйшую будучыню. Мы шукаем таго, хто б мог дапамагчы нам уцелавіць нашыя мары. Таму просім вашай дапамогі на аднаўленне алтароў і падсвятленне. Вашая дапамога не будзе забытая і мы адпаведна ўшануем нашых спонсараў”.