13-га кастрычніка ў Пабрыгідскім касцёле ў Гродне, адбылася св. Імша ў гонар Фацімскай Божай Маці. У гэты дзень адзначалася гадавіна аб’яўленняў Дзевы Марыі ў Партугаліі, а таксама, ў лучнасці з папам Францішкам, духоўнае перажыванне Марыйнага дня і акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Св. Імшу ў гэтым месцы а 19-й гадзіне ўзначаліў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі.
Паводле слоў кс. Антонія Грэмзы, мясцовага душпастара, у Пабрыгідскім касцёле кожнага 13-га дня месяца а таксама ў першую суботу месяца асаблівым чынам ўшаноўваецца Фацімская Божая Маці і яе Беззаганнае Сэрца.
Падчас супольнай сустрэчы, якая мела ўзнёслы характар, вернікі не толькі выказвалі свае падзякі Богу праз заступніцтва Божай Маці, але таксама разважалі над значэннем фацімскага паслання, скіраванага да кожнага. Падчас св. Імшы Кс. Віталій Сідорка ў казанні нагадаў пра значэнне акту аддання Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі, ролю папы Францішка ў сучасным свеце, выхаванні ў веры, рэлігійнасці, а таксама вернасці Евангеллюю. Прапаведнік звярнуў увагу таксама на словы акту аддання Беззаганнаму Сэрцу Марыі, прапанаваныя папам Францішкам.
Урачыстасць завершылася працэсіяй з фігурай Маці Божай Фацімскай, у якой прынялі ўдзел моладзь, дзеці і старэйшыя людзі.
Кс. Антоній у сваім невялікім каментары, прысвечаным святкаванай урачыстасці, распавёў больш дакладна пра гісторыю заснавання Фацімскага набажэнства, якое адбываеца з 1991-га года, калі кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, на просьбу вернікаў ахвяраваў храму гэтую фігуру Фацімскай Божай Маці прывезеную з самой Фацімы. Дзякуючы гэтаму дару, у гэтым Гродзенскім касцёле развіваецца культ Божай Маці. Падчас словаў прывітання і падзякі, ў адрас Гродзенскага ардынарыя, парафіяне зазначылі, што “кс. біскуп аддаў гэтую фігуру ў добрыя рукі, дзеля духоўнага дабра лакальнай супольнасці…”.
Рэктар касцёла заакцэнтаваў таксама, што гэтая ўрычыстасць з’яўляецца першым відавочным знакам накіраваным на тое, каб даваць чалавеку неабходную духоўную ежу, праз разважанне над галоўнымі тэзісамі фацімскага паслання: св. ружанец, пакута і набажэнства І-й суботы месяца.
У гэты час Касцёл моліцца Вялікай Навэннай, якая з’яўляецца своеасаблівай 9-ці гадовай падрыхтоўкай да святкавання стагоддзя аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. Вернікі гэтага касцёла ўключаны ў гэтую навэнну, якая была заснавана вернікамі санктуарыя Фацімскай Божай Маці ў г. Закопанэ (Польшча). На дадзены момант вернікі распачалі 5-ы год Вялікай Навэнны да Маці Езуса Хрыста, які прысвячаецца шкаплеру і ружанцу – знешнім знакам культу Панны Марыі. Папярэдні, 4-ы год навэнны быў прысвечаны Эўхарыстыі.
Кс Антоній Грэмза, карыстаючыся нагодай, агучыў таксама мару мясцовых вернікаў – зладзіць паломніцтва ў Фаціму – і выразіў спадзяванне, што гэтая мара хутка рэалізуецца.
Падчас супольнай сустрэчы каталікі падзякавалі за дар хуткай і якаснай знешняй рэстаўрацыі Божага храма.