Skip to main content

XХVIІІ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

XХVIІІ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

“Ці не дзесяць было ачышчаных, дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца?” Давайце, дарагія чытачы, нашага парталу на хвілінку задумаемся над вельмі важным пытаннем: “Як часта я дзякую Богу?”  

 

Напэўна кожны з нас спаткаў і сустракае людзей, якія на гэта пытанне адкажуць: “А я не маю за што дзякаваць, у мяне ўсё добра, я ўсяго дасягнуў у сваім жыцці”. Я асабіста, будучы святаром, заўважаю гэта адпраўляючы святую Імшу – большасць з інтэнцый за памерлых. Мы з вамі, дарагія, перасталі быць Богу ўдзячнымі за тое, што маем: за нашае жыццё, што мы з вамі кожны год становімся старэйшымі, за нашых родных і блізкіх, за спатканых людзей, за сонейка, за тое, што мы можам бачыць навакольны свет і г. д. Мы з вамі забыліся, што маем гэта ўсё дзякуючы дабрыні нашага Нябеснага Айца. Да многіх падзей ў жыцці мы ставімся як да выпадковых, хоць на самой справе, толькі дзякуючы Богу сталася так, а не інакш, напэўна многія з нас мелі такія досведы ў сваім жыцці. І менавіта аб такім досведзе кажа нам з Вамі першае чытанне, пасля ачышчэння Нааман вызнае веру ў Адзінага Бога – цуд не толькі ачысціў яго цела, але перад ўсім ачысціў яго душу: “… не будзе больш слуга твой прыносіць усеспаленні і ахвяры іншым багам, апроч Пана”. Падзяка за ачышчэнне змяніла чалавека, зрабіла яго сведкам вялікіх спраў Божых сярод тых да якіх ён павінен быў вярнуцца.

Лука Евангеліст таксама ставіць перад намі людзей патрабуючых ачышчэння. З-за сваёй хваробы яны былі ізаляваныя жылі па-за гародамі і вёскамі, яны павінны былі блукаць, абыходзячы бокам здаровых людзей, часта папярэджваючы іх аб сваёй прысутнасці звонам званочка, які павінны былі насіць. Для такіх людзей не было ўжо магчымасці вярнуцца да сваіх родных, іх сям’ёй станавіліся такія ж як яны самыя.

І вось для дзесяці з такіх людзей з’явілася магчымасць ачышчэння, магчымасць вярнуцца да нармальнага жыцця, дзякуючы Чалавеку, пра якога напэўна хтосьці распавёў: “Езус, Настаўнік, змілуйся над намі”. Па дарозе да святароў яны усе атрымліваюць ачышчэнне. Што на той момант было ў іх думках, што яны рабілі тады не вядома, можна толькі здагадвацца: можа пабеглі да сваіх родных з навіной, што могуць вярнуцца да нармальнага жыцця, можа да святароў, каб засведчыць аб факце ачышчэння, можа да лекараў, каб упэўніцца ці пакінула хвароба…

Я хацеў бы правесці паралель паміж імі і кожным з нас. Мы з вамі часта просім Бога аб нечым, нават Яму нешта абяцаем у замен за нашую выслуханую просьбу, але як толькі атрымоўваем, тое пра што прасілі, забываемся пра Таго, хто нам гэта даў, забываемся Яму проста сказаць “дзякуй”. Мы з вамі становімся падобнымі да дзевяці пракажоных, якіх адразу захапіў вір жыцця.

Гісторыя паўтараецца. Як і тады, калі толькі адзін з дзесяці ачышчаных вярнуўся падзякаваць Езусу Хрысту, так тое самае адбываецца і цяпер, мы не дзякуем Богу за атрыманыя дары. Больш за тое,“Не дай Божа”, каб нашая просьба не была выслуханая, калі не будзе, так як “Я ХАЧУ”. У нашым жыцці мы не застаўляем Богу як бы права выбару, “павінна быць па-моему”, Бог у жыцці большасці людзей не Айцец, не Створца Неба і Зямлі, а Джын, чараўнік, які павінен выконваць жаданні.

Людзі ставяць сябе на месца Бога, так як бы ўсё залежала ад іх, а не ад Яго – у гэтым наша параза, і я думаю гэта корань праблемы. Чалавек павінен разумецьпростую праўду, што стварэнне заўсёды застанецца стварэннем, залежным ад Тварца. Радасць і асалоду стварэнне атрымае толькі тады, калі будзе слухаць голас Тварца і прыкладаць намаганні, каб выканаць Яго волю ў сваім жыцці. Хацеў бы прывесці прыклад пэўнага старэйшага чалавека паміраюага на рак: “Мая будучыня не вядомая. Маю толькі адну ўпэўненасць, што мой лёс поўнасцю знаходзіцца ў руках Бога. Дзякую Яму за ўсё што маю. Не наракаю, а толькі дзякую. Калі Богу будзе да спадобы, каб я распачаў жыццё яшчэ раз, будзе добра, а калі не, то і так з падзякаю прыму свой лёс. Мая вера не залежыць ад таго ці я папраўлюся, ці пакіну гэты свет. Сваю веру я аддаў у рукі Бога – у гэтым мая самая вялікая радасць. Малюся словамі: Будзь воля Твая”.

Няхай кожны з нас сёння і не толькі сёння падзякуе Нябеснаму Айцу за сваю веру, жыццё, сям’ю (жонка за мужа, муж за жонку, бацькі за дзяцей, дзеці за бацькоў), за тое, што кожнага з нас напаткала ў жыцці (за добрае і злое, бо менавіта выпрабаванні робяць нас мацнейшымі)… Калі так станецца, то напэўна кожны з нас пачуе ў сваім сэрцы словы: “Устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе”.

Вера дапаможа глядзець нам на навакольны свет вачыма Бога – вачыма ЛЮБОВІ…