Skip to main content

XХVIII Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

XХVIII Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Паважаныя, сёння мы пачулі Евангельскае апавяданне аб вылячэнні Езусам Хрыстом дзесяці пракажоных. Каб зразумець іх вельмі цяжкае становішча, трэба ведаць, што гэта за хвароба.

 

Праказа - гэта захворванне, якое пераважна распаўсюджана ў паўднёвых краінах. У чалавека на твары і на целе з'яўляюцца плямы, цела губляе адчувальнасць, гніе, твар распухае. У чалавека выпадаюць валасы і зубы, з рота няспынна працякае смуродная сліна. Плоць адпадае, агаляючы косці. Часам у чалавека выцякаюць вочы, ён слепне, у яго адміраюць пальцы рук, і ён не можа нават данесці да рота ежу. Пракажоны ператвараецца ў жывы труп. Пракажоных, перш за ўсё, выганялі з гарадоў і вёсак. Яны жылі ў лесе, у зямлянках, ім зрэдку клалі ежу ва ўмоўнае месца. Гнаныя голадам, яны бадзяліся каля вялікіх гарадоў, каб людзі злітаваліся і кінулі ім што-небудзь паесці. Іх гналі, як дзікіх звяроў. Родныя аплаквалі пракажонага больш, чым памерлага.

Пракажоныя абавязаныя былі насіць на твары белы як саван капюшон з прарэзамі толькі для вачэй, каб сваім выглядам не палохаць людзей. На іншых вісеў званочак, і злавесны гук папярэджваў людзей, каб яны адыходзілі з дарогі. Гэтыя няшчасныя былі асуджаныя на пакутлівую смерць, іх стан - горш, чым рабоў. Для іх ужо не было вяртання да жыцця.

Гэтыя пракажоныя чулі пра Езуса - Вялікім Прароку і Цудатворцу і таму крычалі: Езус Настаўнік, змілуйся над намі! Езус, спыніўшыся, сказаў: ідзеце, пакажыцеся святарам. Яны паверылі, што будуць ацалёныя, і накіраваліся па дарозе ў Ерусалім. І вось яшчэ на шляху яны адчулі сілу Божай ласкі, якая ўлілася ў іх і вылечыла. Аднак яны забыліся аб самім Богу і з кожнай хвілінай аддаляліся ад Хрыста. Дзевяць з іх былі юдэі, адзін - Самаранін. Юдэі ўжо з дзяцінства ведалі пра тое, што Збаўца павінен прыйсці на зямлю: пра гэта іх вучылі ў сінагогах. Цуд павінен быў пераканаць іх у тым, што Збаўца свету перад імі. Аднак яны працягвалі ісці сваім шляхам. Называлі сябе дзецьмі Абрагама, але жадалі не Бога, а Яго дароў, а не Нябеснага Айца, а Яго спадчыны.

Вярнуўся толькі адзін Самаранін, кінуўся ў ногі Езуса, дзякуючы і хвалячы Бога, услаўляючы Яго як Месію.

Хрыстос сказаў яму: устань, ідзі, вера твая выратавала цябе. Вера самараніна ў Хрыста, як у Месію і Збаўцы свету - гэта вера ў тое, што Той, хто ацаліў яго цела, можа вылечыць і яго душу. Вера ў тое, што Той, хто вярнуў яго да родных, можа адкрыць яму брамы раю. Вера ў тое, што Той, хто дараваў яму ачышчэнне ад праказы, даруе яму і прабачэнне грахоў, і вечнае жыццё.

Кожны з нас мае сваю нейкую “праказу”, што нам не дазваляе поўнасцю радавацца жыццю. Гэта нашыя фізычныя і духоўныя пакуты, нашыя грахі і залежнасці. Але мы ведаем свайго Збавіцеля і таму ў сэрцы сваім павінны няспынна казаць: “Пане Езу Хрысце, змілуйся, ацалі і выратуй”!