Skip to main content

Каментар на вынікі апытання апублікаваныя на партале Тut.by

25 верасня беларускі партал Тut.by апублікаваў вынікі апытання, якое зладзіў сярод сваіх чытачоў. Рэспандэнты павінны былі адказаць на пытанні, якія прафесіі з’яўляюцца найбольш непрыемнымі. У выніку даследавання, у якім прыняло ўдзел 400 чалавек, аказалася, што праца святара з’яўляецца самай бескарыснай. Вашай увазе прапануем відэаматэрыял каментара кс. Юрыя Жэгарына на вынікі праведзенага апытання.

Здзівіла мяне вельмі інфармацыя з апытання, якую правёў партал тут.бай сярод сваіх чытачоў, дзе многія рэспандэнты выказаліся, што праца святара з’яўляецца самай бескарыснай.

Не буду заглыбляцца ў тэалагічныя разважанні пра сутнасць святарства і даказваць, што апытаныя не маюць рацыі. Скажу толькі тое, што я бачу праз прызму сваёй душпастарскай дзейнасці. Не думаю, што бескарысным можна назваць тое, што як мінімум некалькі чалавек выбралі жыццё і адмовіліся ад самагубства, многія пачалі выходзіць з дэпрэсіі, знайшлі наноў сэнс свайго жыцця, шмат сямейных пар перадумалі разыходзіцца і вырашылі разам гадаваць сваіх дзетак, вялікая колькасць самотных старэйшых людзей дасведчылі радасць, што іх наведаў святар, таму што нават іх родныя і блізкія не знаходзяць часу, каб прыехаць да іх хоць бы раз у год. А колькі ж людзей атрымала ўнутраны, духоўны супакой пасля святой споведзі, колькі ж жанчын выплакалася перад канфесіяналам з-за сваіх мужоў-алкаголікаў?

Я тут не звяртаю ўвагу на духоўны аспект служэння святара, а толькі на сацыяльна-псіхалагічны, які з’яўляецца толькі наступствам духоўнага служэння. Тут не трэба быць нават веруючым чалавекам, каб зразумець гэтую даволі простую праўду. Думаю, у апытанні акурат удзельнічалі неверуючыя людзі, або тыя хто не практыкуе сваю веру. Нажаль такіх людзей у нас вельмі шмат. Каб дарасці да таго, каб называцца вучнем Хрыста, трэба перш за ўсё адкрыцца на праўду, пазбавіцца стэрэатыпаў і шырэй паглядзець на рэчаіснасць, якая нас акружае, стаць перш за ўсё чалавекам.