Skip to main content

Святасць магчыма!

317 1600x1200У салезіянскім Араторыі–Моладзевым Цэнтры ў Смаргоні адбылася 5 кастрычніка для моладзі, а для дзяцей 6 кастрычніка, неверагодная “Вечарынка на нябёсах” з нагоды пачатку новага аратарыйнага года.

Кожнае святкаванне распачыналася Эўхарыстыяй, месцам спаткання з Езусам і падзякай Айцу за нязмерныя і шчодрыя дары. Падчас Святой Імшы для моладзі 4 аніматараў нашага Араторыя-Моладзевага Цэнтра аднавілі свае абяцанні і адзін кандытат быў прыняты ў аніматары.

 

На вечарынцы прысутнічала 130 юнакоў і дзяўчат і каля 150 дзяцей, а праводзілі яе сапраўдныя салезіянскія святыя: Ян Боско, мама Маргарыта, Марыя Дамініка Мадзарэлло, Лаура Вікунья, Дамінік Савіо, Зеферын Намункура, П'ер Джорджо Фрасацці, Артэмідэ Дзацці.

Праз адпаведныя гульні і забавы святыя паказалі, як яны прыйшлі да святасці. Артэмідэ Дзацці - лекар з Аргентыны - вучыў моладзь і дзяцей старанна выконваць свае штодзённыя абавязкі. П’ер Джорджо Фрасацці - просты інжынер з сям’і багатага палітыка - клапаціцца пра іншых. Лаура Вікунья і Дамінік Савіо - самыя маладыя святыя - сваім прыкладам паказалі, як трэба любіць бацькоў і быць паслухмянымі тым, хто за нас адказвае. Зеферын Намункура нагадаў аб важнасці ў выбары прыкладаў да наследвання ў нашым жыцці, як кажуць: “Скажы мне, хто твой сябар, і я скажу, хто ты”.

Але галоўная думка, якую хацеў данесці да моладзі і дзяцей кожны святы, - гэта тое, што святасць магчыма! Магчыма ў любым узросце, у любым сацыяльным стане, незалежна ад яго адукацыі, паходжання і іншых абставінаў! Для Бога няма нічога немагчымага! Святасць у штодзённым жыцці складаецца з простых рэчаў: заўважаць любоў Бога і быць Яму за гэта ўдзячным.

Гэтая “Вечарынка на нябёсах” менавіта і была падзякай Пану Богу за атрыманыя падчас летняга адпачынку ласкі, за ўсе акцыі, сустрэчы, знаёмствы… А асабліва за сустрэчу з нашым Нябесным заступнікам – святым Янам Боско падчас перэгрынацыі Яго рэліквій. Святы Ян Боско гаварыў: “Дай мне душы, а іншае забяры сабе”. Душа – гэта скарб, аб якім трэба клапаціцца, берагчы яго, ачышчаць. Салезіянскія святары, сёстры і аніматары яшчэ раз прыпомнілі аб гэтым моладзі і дзецям, а таксама прапанавалі канкрэтныя крокі для дасягнення святасці.

“Вечарынка на нябёсах” узгадала ўсім салезіянскі прыклад святасці, як быць сумленнымі грамадзянамі і добрымі хрысціянамі, каб у будучым стаць шчаслівымі жыхарамі Неба!

 Айрапецян Валерыя