XХVIІ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк
Сёння на пачатку нашага разважання хацеў бы Вас папрасіць, дарагія чытачы нашага каталіцкага парталу, каб кожны з нас услед за Апосталамі папрасіў сёння Езуса Хрыста: “Дадай нам веры”. Вера з'яўляецца адной з неад'емных частак развіцця асобы людзкай, чалавек не можа жыць без яе. Кожны з нас мае веру, хоць яна, нажаль, розніцца ў нас.
Ёсць праўдзівыя хрысціяне, якія моцна вераць у Пана Бога і ва ўсе праўды Ім аб'яўленныя, і стараюцца ў сваім штодзённым жыцці як найлепш выканаць Божую волю. Ёсць таксама і такія, хто з аб'яўленных праўд выбірае толькі якуюсьці пэўную частку, а ўсё астатняе запаўняе “верай свету”, у якой нажаль няма месца для праўдзівага Бога.
4 кастрычніка (2013 года), наведваючы сядзібу біскупа Асізі, Папа Францішак звярнуўся да прысутных: “…ў першую чаргу Касцёл павінен скінуць з сябе самую небяспечную пагрозу — «небяспеку духу свету». «Хрысціянін не можа жыць духам свету. Дух свету вядзе да марнасці, дамінавання, пыхі. А гэта ідал, не Бог. А ідалапаклонства – гэта самы вялікі грэх», — сказаў Папа. Святы Айцец падкрэсліў, што дух свету з’яўлецца супрацьлеглым благаслаўленням, пра якія казаў Хрыстус, і супрацьлеглым духу Езуса. «Дух свету чыніць нам шкоду. Як сумна бачыць хрысціяніна, ахопленага духам свету, упэўненага ў бяспецы, якую ён дае»”.
І, як мне здаецца, людзей з другой групы, толькі ахрышчанных у дзяцінстве, у нашым грамадстве становіцца больш. Напэўна кожны з нас спаткаў такіх “веруючых”, якім дастаткова звярнуцца калі-нікалі да Пана Бога ў часе выпрабаванняў (як трывога - дык да Пана Бога), тады, калі “хочацца”, ці лепш “калі душа папросіць” схадзіць у касцёл, можа нават скартыстаць з сакраманту споведзі і другіх сакрамантаў. Многіх захапіў у палон “дух свету”, дух які закрывае сэрца і розум чалавека на праўдзівага Бога, а ставіць перад вачамі ідала (бажка).
Аднаго разу сялянін выбраўся ў горад. Пілігрымуючы з сваім сябрам, які ўжо доўгі час жыў у горадзе, шумнымі вуліцамі, звярнуўся да яго: “Чую цвыркуна (кузнечыка)”. Сябар гледзячы на яго са здзіўленнем запытаўся: “Як ты можаш чуць цвыркуна ў такім шуме?” “Гэта вельмі проста, адказаў сялянін – мой слух настроены на гэты голас”. Ідучы трохі далей сябры знайшлі цвыркуна, які сядзеў на краю вакна. Сябар, жыхар мегаполіса, быў вельмі здзіўлены. Тады сялянін выняў з кішэні некалькі манет і кінуў на ходнік. Ад ціхіх удараў манет па ходніку вельмі шмат мінакоў спынілася. “Бачыш, - звярнуўся сялянін да свайго сябра – ніхто з іх не пачуў цвыркуна, але ўсе пачулі звон манет на ходніку. Людзі чуюць толькі тое, на што маюць чуйны слух і тое, што хочуць пачуць, а на ўсё астатняе застаюцца глухімі”.
Як жа шмат у нашым грамадстве такіх “глухіх”. “Глухіх”, якія чуюць звон манет, якія гатовыя дзеля сваёй карысці абразіць і выкарастаць усё і ўсіх, для якіх не існуе ніякай паміжлюдзкай маралі, не кажучы пра Божы Дэкалог.
Кожны веруючы праз усё сваё жыццё павінен на падставе Святога Пісання, навучання Настаўніцкага Аўтарытэту Касцёла, а таксама пры дапамозе свайго духоўнага кіраўніка, прыкласці ўсе намаганні, каб як найлепш выканаць Божы план яго жыцця. Выконваючы Божы план, чалавек не можа выконваць яго і чакаць якойсці адплаты за выкананае. Слуга з сённяшняга Евангелля вяртаецца з поля пасля цэлага дня цяжкай працы, а яго гаспадар загадвае яшчэ яму прыгатаваць страву і прыслугоўваць пры стале. Праз гэты прыклад Езус хацеў паказаць, як павінна выглядаць праца кожнага веруючага дзеля пашырэння валадарства Божага сярод людзей, бо праз гэта кожны “зробіць тое, што павінен быў зрабіць”