Skip to main content

У Слоніме ладзіўся турнір па міні-футболе (дададзены фота)

З 28 па 29 верасня ў Слоніме адбыўся 9-ы турнір па міні-футболе “памяці благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ”. Арганізатарамі сустрэчы выступілі: адказны па справах спорту і фізічнага выхавання моладзі Гродзенскай дыяцэзіі Кс. Артур Малафей, галоўны трэнер футбольнага клуба «Слонім» Аляксей Шубянок, а таксама трэнер дзіцячай школы ФК «Слонім» Аляксандр Гусар.

 

Ужо не першы год генеральным спонсарам турніра з'яўляецца Баляслаў Вацлававіч Івашка (ААТ «ВИБОТОРГ»). Партнёрамі турніру выступілі Юрый Валянцінавіч Бяссонаў (дырэктар “Белтрансгазу” г.Слонім), Кс. Віталь Даброловіч (дырэктар CARITAS Гродзенскай дыяцэзіі) і Пастаральны Цэнтр пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

У гэтым годзе спартовае мерапрыемства сабрала каля 120 удзельнікаў з 13 каталіцкіх парафій. У турніры прынялі ўдзел наступныя каманды: Гродна- Аўгустовак, Гродна – Паўднёвы, Брэст, Мінск, Барысаў, Жабінка, Слонім, Ліда-Фара, Ліда св. Сем’і , Грандзічы, Докшыцы, Маладзечна і зборная святароў Гродзенскай дыяцэзіі. Удзельнікаў турніру прымалі ў сябе аа. капуцыны.

Першы дзень пачаўся са св. Імшы, якую ўзначаліў кс. Віталь Цыбульскі. На пачатку Эўхарыстыі быў прачытаны прывітальны ліст ад кс. біскупа Аляксандра Кашкевіча, ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі. Пропаведзь для ўдзельнікаў турніру падрыхтаваў а. Віталь Юркевіч OFMCap.

Пасля заканчэння св. Імшы адбылося лёсаванне каманд, якую правялі кс .Артур Малафей і фундатар Баляслаў Івашка ў выніку чаго, ўсе ўдзельнікі былі падзеленыя на чатыры групы. Першы дзень спартыўных баталій на групавой стадыі вызначыў пераможцаў у сваіх падгрупах. Другі дзень распачаўся св. Імшой, якую ўзначаліў а. Віталь Юркевіч OFMCap., затым адбыліся паўфіналы і матчы за выніковыя месцы турніру.

У выніку 1-e месца заняла каманда з Докшыц, якая перамагла ў фінале каманду са Слоніма. Матч скончыўся нічыёй (0:0), а вось у серыі пасляматчавых 11 метровых удараў каманда з Докшыц аказалася найбольш удалай (4:3 ).

У матчы за 3-е месца каманда Гродна – Паўднёвы саступіла камандзе з Грандзіч з лікам 1:3.

Далей размясціліся каманды з Ліды св. Сям’і, Жабінкі, Гродна-Аўгустовак, Барысава, Брэста, Ліды-Фары, Мінска і Маладзечна, якія занялі ад 5-га па 12-е месца адпаведна. 13-е месца заняла зборная святароў Гродзенскай дыяцэзіі.

Па выніках турніру былі вызначаны лепшыя ў наступных катэгорыях:

Лепшы варатар турніру – Рубін Станіслаў (Слонім)

Лепшы бамбардзір турніру – Павел Саловіч (Грандзічы) і Максім Мухляда (Гродна – Августувек) па 7 галоў.

Лепшы футбаліст турніру – Ваховіч Уладзімір (Докшыцы)

Прыз сімпатый гледачоў атрымала каманда з Брэста.

Пераможцы турніру, а таксама пераможцы ў намінацыях лепшы варатар турніру, лепшы бамбардзір і футбаліст турніру атрымалі каштоўныя прызы ад мецэната. Усе ўдзельнікі турніру з рук арганізатараў атрымалі памятныя прызы.

Удзельнікі турніра выказваюць падзяку Баляславу Вацлававічу Івашка (ААТ “ВИБОТОРГ”) за аказаную матэрыяльную дапамогу ў правядзенні 9-га турніра па міні-футболе памяці благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ.

 

Падрыхтаваў Яраслаў Занеўскі