Skip to main content

Урачыстае адкрыццё алтара св. Міхала Арханёла ў Гродзенскай катэдры

29 верасня, у свята Святых Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, а 12-й гадзіне, у Гродзенскім катэдральным касцёле імя св. Францішка Ксаверыя, адбылося ўрачыстае адкрыццё адноўленага алтара св. Міхала Арханёла пасля рэстаўрацыі. Асвяціў самы старэйшы алтар катэдры Яго Эксцэленцыя кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі.

У казанні кс. біскуп нагадаў пра змаганне Арханёла Міхала на чале яго анёльскага войска супраць Люцыфера, які паўстаў супраць Бога, і перамогу над Люцыферам. Гэты момант мы можам назіраць на адрэстаўраванай іконе. Воклічам Арханёла Міхала былі словы: «Хто ж як Бог!». Па габрэйску гэта гучыць як  “Мі-Ха-Эль”, адкуль і паходзіць імя Міхал.

Далей ён сказаў, што “Бог хоча, каб мы, жывучы на зямлі, сумавалі за нябеснай Айчынай. На абразе мы бачым гісторыю света і людзей. Зацятая барацьба паміж Богам – найбольшым дабром, а цемрай і злом. Абраз поўны надзеі і аптымізму. Гэта вобраз Хрыста Уваскрослага, пераможцы смерці, пекла і д’ябла” (такія словы адной з велікодных песень). Менавіта дзякуючы Змёртвыхпаўстанню Езуса Хрыста д’ябал быў цалкам пераможаны".

Кс. біскуп нагадаў: "Перажываем Год Веры, з'яўляемся ўдзельнікамі яго перамогі. Святы Павел гаворыць, што “ў надзеі мы ўжо збаўлены”. Гэтая праўда не выключае факту, што лёгкае жыццё тут на зямлі з’яўляецца пастаяннай барацьбой. Бо кожны з нас штодзённа адчувае, як нялёгка ісці за Хрыстом, як цяжка жыць паводле яго Евангелля, колькі нам каштуе заўсёды і ў кожнай сітуацыі прыслухоўвацца да голаса сумлення, пазбягаючы зла і выбіраючы дабро. Часта чалавек мае спакусу пайсці лёгкім шляхам, па лініі найменшага супраціўлення, шукаючы кампрамісу са злом, падтрымлівання чужых каштоўнасцяў. Гэтыя слабасці нашай волі, аслабленнай праз грэх першародны, выкарыстоўвае д’ябал".

Яго Эксцэленцыя прадоўжыў: "У нашым змаганні са злом мы не самотныя – наш Збаўца Езус Хрыстус пастаянна падтрымлівае нас сваёй ласкай. Святы Міхал Арханёл – заступнік сённяшняга дня – узор поўнага аддання Хрысту. Яго імя “Хто ж як Бог” будзе для нас заахвочваннем супрацьстаяць усяму, што супярэчыць волі Божай. Няхай кожны ведае, што канчатковая перамога належыць да Пана Бога”.

На завяршэнне пропаведзі кс. біскуп сказаў, што “алтар св. Міхала з’яўляецца відавочным знакам, які нагадвае нам пра багатую духоўную спадчыну гэтай парафіі і нашага горада, а таксама пра асаблівую сувязь, што яднае нас з папярэднімі пакаленнямі хрысціян, якія тут жылі, працавалі, змагаліся і пакутавалі. Святы арханёл Міхал, які пазіраў на іх з гэтага алтара, дадаваў ім бадзёрасці і суцяшаў, умацоўваў іх у веры і надзеі, прыгадваючы, як і нам сёння, свой заклік: “Хто як Бог!”.

Далей кс. Ян Кучынскі коратка расказаў, як праводзіліся рэстаўрацыйныя працы і падзякаваў ўсім, хто якім-небудзь чынам прымаў удзел у справе аднаўлення гэтага алтара. Асаблівая падзяка была выказана тым, хто менавіта працаваў і ўнёс вялікі ўклад у аднаўленне алтара, а таксама ахвярадаўцам. Ім кс. біскуп уручыў граматы і крыжы, якія былі зроблены з фігур галоўнага алтара, пашкоджаных пры пажары ў 2006 годзе.

На заканчэнне ўрачыстай св. Імшы Яго Эксцэленцыя падзякаваў ахвярадаўцам, рэстаўратарам і ўсім тым, хто падтрымліваў малітвай, але перад усім кс. Яну Кучынскаму – пробашчу, за такую вялікую працу, і жартам пажадаў яму жыць “сто гадоў без рамонту”.

Падрыхтавала Марына Белаблоцкая