
З 8 па 18 верасня адбылася сустрэча валанцёраў з Польшчы і Беларусі ў рамках праекта "Слядамі забытых дабрадзеяў: Дабрачынная дзейнасць сем'яў польскага паходжання на Беларусі да ІІ Сусветнай вайны"
Арганізатарамі былі Карытас Польшчы і Карытас Гродзенскай дыяцэзіі. Каардынатарам і суправаджаючым з
польскага боку быў Рафал Хібоўскі, а з Гродна – Ян Кот. Дзякуючы праекту ўдзельнікі мелі магчымасць азнаёміцца з прыродай, гісторыяй, культурай і традыцыямі беларусаў, наведаць самыя цікавыя і значныя месцы, гістарычныя помнікі Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай вобласцей. Яны ўбачылі Белавежскую пушчу, Брэсцкую крэпасць, Нацыянальную бібліятэку, адправіліся паромам у рэйс па Аўгустоўскім канале. Наведалі месцы, у якіх захаваліся матэрыялы дабрачыннай дзейнасці арыстакратычных сем'яў (Радзівілы, Сапегі, Патоцкія), між іншымі замкі ў Міры і Нясвіжы, Ружанах.
Праводзіліся сустрэчы і канферэнцыі з гісторыкамі, мастацтвазнаўцамі, мовазнаўцамі Беларусі, дзе госці з Польшчы мелі магчымасць атрымаць адказы на пытанні, якія іх цікавілі.
Напрыканцы групы наладзілі тэматычныя вечары:
 “беларускі вечар” і “польскі вечар”, на якіх абменьваліся ўражаннямі, паказвалі фільмы, чыталі кнігі, спрабавалі стравы нацыянальнай беларускай кухні, спявалі народныя песні, танцавалі.
Удзельнікі сышліся ў меркаванні, што нашы краіны вельмі многае аб’ядноўвае не толькі ў гістарычным плане, але і ў культурным (традыцыі, музыка, фільмы, ежа, погляды і інш.). Сустрэчы такога тыпу цікавыя і патрэбныя для моладзі, яны накіраваны на іх культурнае развіццё. Арганізатары і ўдзельнікі спадзяюцца, што такія праекты будуць паўтарацца і ў будучыні.
Паводле інфармацыі намесніка дырэктара Карытас Гродзенскай дыяцэзіі Алены Міхайлік.
Матэрыял падрыхтавала Марына Белаблоцкая.
