Skip to main content

Лідская моладзь не саромеецца сведчыць аб Хрысце

Сучасны свет не звяртае ўвагі на духоўныя патрэбы чалавека, на тое, што ён патрабуе малітвы і праслаўлення Бога. У сваім жыцці многія людзі на першае месца ставяць кар’еру, матэрыяльныя каштоўнасці, цялесныя задавальненні і тое, як на іх будуць глядзець іншыя. Моладзь з парафіі Ўзвышэння Святога Крыжа (Лідскі фарны касцёл), нягледзячы на ціск і заганы гэтага свету, не саромеецца сведчыць аб Хрысце і прасляўляць Яго ўсім сэрцам.

Кожную трэцюю нядзелю маладзёны ладзяць адарацыі, падчас якіх праводзяць разважанні на розныя тэмы і моляцца аб супакоі ва ўсім свеце, паглыбленні веры людзей просяць таксама мудрасці і розуму падчас навучання на катэхэзе, ў школе і іншых навучальных установах. Напрыклад, апошняя адарацыя праходзіла ў малітве праслаўлення. Юнакі і дзяўчаты дзякавалі Богу за сваё жыццё, сяброў, бацькоў і блізкіх. Спявалі песні праслаўлення. На іх тварах можна было ўбачыць радасць і ўнутраны супакой. Кожны меў магчымасць, перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам узнесці да Бога свае асабістыя просьбы.

Супольныя малітвы пачалі прыносіць таскама бачны плён - з кожным разам людзей становіцца ўсё больш і больш. Важным з’яўляецца і тое, што менавіта моладзь, а не святары запрашаюць людзей на гэтыя малітвы. Кожны прыводзіць разам з сабой сваіх сяброў, бацькоў, ці проста парафіян, якіх яны бачылі ў касцёле. Для кожнага жадаючага тут дастаткова месца.

Паводле майго асабістага меркавання, Каталіцкі Касцёл у Беларусі мае будучыню таму што, ёсць моладзь, якая не баіцца выражаць сваю веру праз рэлігійныя практыкі, супрацьпастаўляецца прэсінгу сучаснага света, а самае галоўнае, любіць Бога і Касцёл.

 Маёрава Анна


Кожную трэцюю нядзелю месяца ў 18.30 моладзь з лідскай парафіі Узвышэння Св. Крыжа, запрашае ўсіх ахвотных на супольную адарацыю Найсвяцейшага Сакраманта.