Skip to main content

Катэхеты Гродзеншчыны ўрачыста распачалі навучальны год

img 0126 thumbУ панядзелак, 23 верасня, на распачацце новага 2013/2014 навучальнага года, ў будынку курыі ладзілася сустрэча катэхетаў з Гродзенскай дыяцэзіі. У мерапрыемстве прыняло ўдзел больш 50-ці чалавек.

На пачатку сваё прывітальнае слова да настаўнікаў катэхэзы скіраваў а. д-р Андрэй Шчупал CSsR, нагадваючы асноўную мэту катэхетычнага аддзелу пры курыі Гродзенскай дыяцэзіі, якой з'яўляецца

"...духоўна-інтэлектуальная фармацыя манахінь і свецкіх катэхетаў. Сучасныя умовы жыцця - прадаўжаў кіраўнік катэхетычнага аддзелу - і зменлівая ментальнасць людзей, а таксама паглыбленае разуменне катэхезы патрабуюць ад катэхеты адпаведнага гуманнага, хрысціянскага і духоўнага, а таксама інтэлектуальнага і метадычнага выхавання. Не магчыма казаць пра паляпшэнне ў сферы катэхізацыі без адпаведнай падрыхтоўкі катэхетаў".

Айцец доктар таксама нагадаў пра дасканаленне ўласнага педагагічнага майстэрства і абавязковасць кананічнай місіі (дазволу ад мясцовага біскупа) ў прапаведванні катэхетамі Божага Слова і яго інтэрпрэтацыі падчас катэхезы.

Падчас супольнай сустрэчы, для прысутных прачытаў свой рэферат кс. ліц. Аляксандр Яшэўскі SDB, кіраўнік салезіянскай супольнасці ў Смаргоні, пад назвай "Дух Пана на мне" (Лк 4, 18) у якім прапанаваў паразважаць і аднавіць погляд катэхетаў на катэхізацыю. Дакладчык на пачатку растлумачыў разуменне слоў "катэхэза" і "катэхізацыя". Кс. Аляксандр сказаў, што

"(...) сённяшняя моладзь і дзеці гатовы адкрыцца на дабро, на рэлігійныя каштоўнасці. Наша заданне — дапамагчы ім глыбей зразумець веру, пазнаць яе і навучыць іх жыць ёю кожны дзень. Маладыя шукаюць праўды ў рэлігіі. Іх вера патрабуе сведчання пра Бога, які ў Езусе Хрысце паказаў сваю любоў да чалавека. Езус Хрыстус даў нам прыклад таго, як гэта рабіць. Ён любіў дзяцей і нікому не дазваляў пагарджаць імі. Кожны чалавек жадае любові."

Душпастар са Смаргоні выразіў таксама свой жаль з таго, што некаторыя катэхеты

"(...) імкнуцца перадаць  радасную вестку аб Хрысце, пачынаючы са слова “нельга”: “Нельга ўжываць алкаголь, гаварыць брыдкія словы, нельга курыць і гэтак далей”. “А што тады можна?” — пытаюцца маладыя людзі. І менавіта мы, настаўнікі рэлігіі, павінны даць ім адказ — адказ не свой, а Божы — на пытанні, якія іх хвалююць."

Кожны настаўнік катэхезы, паводле дакладчыка, павінен мець веру, якая

"(...) дае яму сілу: ён верыць, што вучні, гэта не толькі яго кліенты, дзеці, студэнты. Ён ведае, што гэта Божыя дзеці, што Бог любіць іх. Вера ў Бога робіць так, што мы не губляем надзею калі што-небудзь не атрымліваецца, а хочам пачаць усё па-новаму. Бо выхаванне – гэта дарога да збаўлення, да Бога, да адвечных каштоўнасцей. На гэтай дарозе нельга спыняцца. Так вера ў Бога становіцца верай у выхаванне. Бог быў, ёсць і будзе. На гэтым фундаменце можна будаваць".

Святар дакладчык, на завяршэнне вытлумачыў сутнасць эфектыўнасці ў працэсе катэхізацыі:

(...) Моладзі патрэбна не галаслоўнае павучанне, а добры прыклад, які будзе для яе ўзорам паводзінаў у штодзённым жыцці. Маладыя таксама чакаюць адказаў на шматлікія, вельмі важныя для іх пытанні, якія хвалююць іх розум і сэрца. Каб мець з імі кантакт, каб дапамагчы ім закласці трывалы жыццёвы фундамент, трэба стаць іх сябрамі. Дабро маладога пакалення павінна стаць асноўным клопатам усёй катэхетычнай і выхаваўчай працы усіх нас.

Падчас дыскусіі прагучалі адказы на пытанні: якімі спосабамі заахвоціць маладых людзей да ўдзелу ў катэхезе, што трэба канкрэтна зрабіць, каб моладзь пастаянна прыходзіла на ўрокі рэлігіі і многае іншае.

Пасля перапынку на каву, удзельнікі мелі магчымасць выслухаць новыя прапановы адносна катэхетычнай праграмы навучання і новых падручнікаў, правядзення рэкалекцый і планаў будучых дзеянняў. Дыскусія праходзіла на чале з кс. магістрам-ліцэнзіятам Янам Занеўскім, пробашчам парафіяльнай супольнасці ў Квасоўцы (Гродзенскі р-н) і дэлегатам Катэхетычнай камісіі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

А 12-й гадзіне распачалася Эўхарыстыя, якую ўзначаліў кс. Антоній Грэмза, віцэканцлер курыі Гродзенскай дыяцэзіі. У казанні а. др Андрэй Шчупал CSsR – кіраўнік Катэхетычных курсаў у Гродне і дырэктар аддзела Навучання і Каталіцкага Выхавання ў Гродзенскай дыяцэзіі, нагадаў пра паслугу катэхеты, якая з'яўляецца асаблівым пакліканнем да Евангелізацыі і пра абавязкі, якія вынікаюць з гэтага паклікання, а менавіта салідная падрыхтоўка, сістэматычнасць, карыстанне з дароў Божай ласкі - святых сакрамантаў. Чалавек пакліканы да Евангелізацыі ў такім служэнні, паводле а. Андрэя, абавязкова павінен быць сведкам Уваскрослага Хрыста.

Падрыхтаваў кс. Юрый Жэгарын