Skip to main content

XХIV Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

XХIV Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

Сённяшнее Евангелле вельмі багатае ў сваім змесце, яно перадае нам аж тры прыпавесці: пра зніклую авечку, страчаную драхме і пра блуднага сына. Галоўнай тэмай іх ўсіх, з'яўляецца Божая любоў да грэшніка.

Давайце паспрабуем зразумець і паразважаць Божае Слова.

Ужо на самым пачатку евангеліст Лука зазначае што да Езуса набліжаліся ЎСЕ мытнікі і грэшнікі каб паслухаць яго і Езус УСІХ прымае як сваіх найлепшых сяброў. Ён не дзеліць на добрых і злых, на справядлівых і грэшнікаў, на белых і чорных – у кожным сваім слухачы Ён бачыць Божае дзіця. Дзіця якое загубілася ў паўсядзённым жыцці, страціла сэнс, якім ёсць Бог – УСІМ ім Настаўнік хоча даць надзею на Божае прабачанне, а праз прыпавесці наблізіць людзей да Айца і паказаць шаленства Бога ў дачыненні да грэшнікаў.

Неаднаразова кожны з нас чуў, што на зямлі няма святых, ёсць толькі тыя хто імкнецца да святасці. Але можна спаткаць і такіх, хто занядбаў клопат пра сваю святасць - нажаль іх найбольш. Мы, людзі, як ужо неаднаразова зазначалася, жывём толькі нядзельным Богам, толькі нядзельнай верай, а напрацягу тыдня навакольным вельмі цяжка разглядзець у нас вобраз Божы. Як часта мы кажам, што не маем часу, каб выправіць сваё жыццё, ці ўвогуле знеахвочваемся працай над духоўным ростам, бо Бог зрабіў нешта не па маёй волі.

Сёння Езус хоча паламаць людзкія стэрыатыпы, не толькі сваіх сучаснікаў, але і нас “забеганых” і не маючых часу людзей XXI стагоддзя, паказваючы шаленства Бога Айца да грэшніка, які згубіўся. Ужо першая прыпавесць паказвае гэтае шаленства. Пастух ідзе за загубленай авечкі, застаўляючы дзевяноста дзевяць на пустыні, напэўна аніводзін са слухачоў так не зрабіў бы, таму што і гэтыя могуць разбегчыся або будуць застаўленыя драпежнікам.

Другая прыпавесць кажа нам аб жанчыне, якая згубіла драхму. Яна прыбірае ўвесь свой дом, каб яе знайсці, а знайшоўшы кліча суседзей ды сябровак, каб яны раздзялілі з ёю яе радасць, хоць напэўна, на пачастунак можна яшчэ больш аддаць, чым яна знайшла.

Трэцяя прыпавесць усім нам добра вядомая апавядае пра блуднага сына, які бездумна растрачвае атрыманую частку спадчыны, а калі пачынаецца недахоп і голад вырашае пайсці да свайго бацькі і раскаяцца.

Дарагія чытачы нашага каталіцкага парталу, няхай сённяшнія прыпавесці ўзбудзяць у кожным з нас надзею ў Божую любоў і міласэрнасць, няхай дададуць нам упэўненасці ў тым, што калі мы захочам змяніць нашае жыццё і не будзем хавацца ад Бога, Ён возме нас на плечы, каб данесці да Сям,і. Бог гатовы кожнага з нас чакаць столькі часу, колькі толькі будзе патрэбна, каб не ламаючы нашую вольную волю, вярнуць нас да сябе. Ён гатовы дапамагчы кожнаму з нас, праз сваіх святароў, павымятаць грэх з усіх куткоў нашай душы, каб запаліць Сваё святло ў нашых сэрцах.

Прашу кожнага, хто прачытае гэтае разважанне, прыняць да сэрца наступныя Словы:

“ДАЗВОЛЬЦЕ БОГУ ЎВАЙСЦІ Ў ВАШАЕ ЖЫЦЦЁ, КАБ ЗМЯНІЦЬ ЯГО!!! НЕ ЗАЧЫНЯЙЦЕ ВАШЫХ СЭРЦАЎ ПЕРАД АЙЦОМ!!!”