Skip to main content

Музей Гродзенскай дыяцэзіі будзе заснаваны ў лямусе пабрыгіцкага комплекса

У лямусе Гродзенскага пабрыгіцкага кляштара будзе створаны музей Гродзенскай дыяцэзіі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў рэктар касцёла, намеснік канцлера курыі дыяцэзіі ксёндз Антоній Грэмза.

Рашэнне аб стварэнні музея прыняў гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч. У будынку лямуса плануецца размясціць экспазіцыю, прысвечаную гісторыі Гродзенскай дыяцэзіі, фонды музея размесцяцца ў будынку пабрыгіцкага кляштара, пасля яго аднаўлення. Ва ўласнасці дыяцэзіі маюцца кнігі XVII -XIX стагоддзяў, алтарныя вобразы, гістарычныя фотаздымкі, дакументы.

Аднак для таго , каб размясціць музей у лямусе, драўляны будынак патрабуе стараннага даследаваня. Пасля правядзення неабходных экспертыз і ўзгадненняў плануецца правесці рэстаўрацыю гэтай ўнікальнай гістарычнй пабудовы, што з‘яўляецца дастаткова складаным і каштоўным, калі ўлічыць, што яна збудавана без цвікоў і накрытая гонтам - драўлянай дахоўкай. Лямус з'яўляецца помнікам архітэктуры. Дыяцэзія плануе рэстаўраваць гэтую архітэктурную каштоўнасць і зрабіць яе адкрытай для вернікаў.

Драўляны лямус размешчаны на тэрыторыі комплекса пабрыгідскага кляштара ў Гродне і ўяўляе сабой двухпавярховы будынак з лоджыяй на другім паверсе і арачнымі галерэямі на галоўным фасадзе. Пабудаваны ў традыцыях беларускага народнага дойлідства, выкладзены з масіўных усечаных брусоў, без выкарыстання клямраў і металічных цвікоў. Паводле некаторых крыніц датуецца 1630 годам.

Аднаўленне лямуса стане важным этапам у масштабнай шматгадовай рэканструкцыі кляштарнага комплексу, у якім у савецкія гады размяшчаўся псіхіятрычны шпіталь. Сам манастыр зараз таксама аднаўляецца. У будынках і памяшканнях кляштара пасля завяршэння будаўнічых работ плануецца размясціць дом пілігрыма, сталоўку, канферэнц –залу і офіс дабрачыннай арганізацыі Карытас.

Таццяна Вішнеўская