Skip to main content

Рэстаўрацыю Пабрыгіцкага касцёла ў Гродне плануюць завяршыць да канца верасня

Рэстаўрацыю ў Пабрыгіцкім касцёле ў Гродне плануюць завяршыць да канца верасня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў рэктар касцёла, намеснік канцлера курыі Гродзенскай каталіцкай дыяцэзіі кс. Антоній Грэмза.

На дадзены момант завяршаецца афарбоўка сцен унутранага дворыка і каменнай агароджы храма. Ужо адноўленыя і наноў пафарбаваныя ляпніна, пілястры, калоны, вежы і фасад касцёла. Узноўлены бакавы і плануецца адрастаўраваць галоўны партал храма (партал - каменнае ўпрыгожванне ўваходных дзвярэй). Адноўлены таксама чорна -белы ўнікальны арнаментальны пояс XVIII стагоддзя - сграфітто - адно з галоўных упрыгожванняў фасада касцёла.

Дарэчы, доўгі час заставалася незразумелым, чаму на светла-бэзавым касцёле чорна-белы арнамент з абліччамі анёлаў. Аднак, як распавёў ксёндз Антоній, у ходзе падрыхтоўчых прац высветлілася, што чорнымі раней былі таксама калоны і пілястры касцёла, а сам ён быў цёмна -зялёнага колеру. Такія адценні храма лагічныя для харызмы брыгіцкага манаскага ордэна, у духоўнасці якіх асаблівае месца займае глыбокае перажыванне смерці, як пераходнага этапу да вечнага жыцця. Пасля смерці ў 1908 годзе апошняй манаіні - брыгідскі касцёл быў перафарбаваны. Сучасная каларыстыка храма з'яўляецца плёнам працы архітэктараў і характэрная для эпохі барока.

Кс. Антоній плануе аднавіць і страчаныя алтары храма. "Яны зніклі, калі касцёл зачынілі. Вядома, што цэнтральны алтар быў прысвечаны Звеставанню Дзевы Марыі. Мы будзем аднаўляць алтары па старых перадваенных здымках і малюнках", - сказаў рэктар святыні.

Гродзенскі Пабрыгіцкі касцёл з'яўляецца помнікам барочнай архітэктуры першай паловы XVII стагоддзя. Ён быў асвечаны ў 1651 годзе і валодаў багатым ўнутраным убраннем. Паводел звестак, якія мы ведаем на дадзены момант, усярэдзіне храма было сем алтароў, мноства скульптур, больш за сорак абразоў, арган, прыгожы амбон.

Храм размешчаны на скрыжаванні вуліц у гістарычным цэнтры горада і ўваходзіць у склад брыгіцкага манастыра, які ў цяперашні час таксама перажывае маштабную рэканструкцыю. Пасля перыяду савецкага пераследу ў 1990 годзе храм вярнулі Гродзенскай дыяцэзіі, у 2007 годзе быў прызначаны душпастар храма і распачаты аднаўленчыя працы. Пазней у падвальных памяшканнях храма адкрыўся музей старадаўніх алтарных карцін і літургічных прыладаў. У 2008 годзе быў наноў перакрыты чарапічны дах храма, у 2011 - афарбавалі храм знутры, у 2012 - аднавілі бакавы каменны партал, на якім паказана дата (1642) пачатку пабудовы храма.

Рэстаўрацыя Пабрыгіцкіга касцёла ў Гродне праводзіцца за сродкі вернікаў.

 

Таццяна Вішнеўская