XХIIІ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч
У нядзельным Евангеллі вельмі цікавы уступ. Св. Лука Евангеліст гаворыць, што за Езусам “крочыла вялікая колькасць людзей” (Лк 14,25) і гэтай вялікай колькасці Ён сказаў наступныя словы. Сённяшняе Божае Слова скіравана да ўсіх нас, да ўсяго Каталіцкага Касцёла, не да вузкага кола выбраных людзей. Таму важна ўважліва прыслухацца да таго, аб чым кажа Езус і прыняць гэта з адкрытым сэрцам. Першае чытанне Кнігі Мудрасці адчыняе таямніцу, як зразумець і прыняць навучанне Хрыста: “Хто б спазнаў Твой намер, калі б Ты не даў мудрасці і не спаслаў Святога Духа звыш?” (Мдр 9,17). Давайце будзем заклікаць Святога Духа, таму што Ён і толькі Ён, датыкаецца да нашага розума і сэрца, чыніць нас здольнымі зразумець Божае Слова! Гэта і з’яўляецца первым аб’яўленнем Нядзельных чытанняў – Святы Дух – крыніца разумення Слова, без Яго мы з’яўляемся сухой глебай, нездольнай вырасціць насенне Божага Слова!
Далей у Евангеллі Езус дае нам не проста параду, а ўмову на аснове якой трэба будаваць хрысціянскае жыццё, якім з'яўляецца «адрачэнне ад усяго » (Лк 14,33 ). Пакуль Бог не зойме першае месца ў нашым жыцці, мы не можам называць сябе хрысціянамі, каталікамі ці проста вернікамі. Часта мы апраўдваемся тым, што некалькі раз наведаем касцёл, паспавядацемся разы два на год, асвяцім вербачкі ці ежу на Вялікдзень. Але Езус нам пра гэта не ўспамінае. Хто з нас можа цвёрда сказаць, што Божыя прыказанні - гэта правілы майго жыцця, што не існуе кампрамісу з Евангеллем ў жыцці, што я ўвогуле ведаю Евангелле? Мы так часта апраўдваемся, што ўсё так жывуць, таму што няма іншага выйсьця... Але выйсце сапраўды ёсць! Св. Павел запэўнівае нас: «Кожны, хто верыць у Яго, не будзе пасаромлены!!!» ( Рым 9, 33) Калі мы даверымся Богу, Ён аб’явіць сілу ў нашым жыцці! Ён Сам будзе клапаціцца пра нас, нашыя сем'і, пра нашыя матэрыяльныя патрэбы і нашую краіну! Таму што наш Бог - Айцец Усемагутны. Падчас кожнай нядзельнай св. Імшы мы на ўвесь храм аб гэтым заяўляем, а вось у сэрцы часта не знаходзіцца ўпэўненасці і мы часцяком хістаемся як саломінка на ветры.
Няхай жа гэтая нядзельная св. Імша будзе момантам, калі мы з поўным даверам вызнаем нашу веру ў Адзінага Бога і любоў да Яго! Няхай Бог апякуецца нашае жыццём! Толькі тады мы набудзем мудрасць, якая дазволіць і «вежу скончыць» (ср. Лк 14,28-30), і «перамагчы ў вайне» (ср. Лк 14,31-32), а галоўнае мы выйграем нашае жыццё на зямлі, і будзем валадарыць з Госпадам у нябёсах!