XХIIІ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк
“Шмат людзей ішло за Езусам.”
Людзей, якія ідуць за Хрыстом даволі вялікая колькасць, толькі як жа адрозніваюцца шляхі гэтых людзей! Адрозніваюцца яны тым, што адны ўсведамляюць сутнасць крочання за Хрыстом, а вера ў Езуса Хрыста ў іншых людзей з’яўляецца легкадумнай, без адпаведнага, моцнага фундамента. Многія крочылі за Хрыстом, таму што іх прыцягвалі цуды, захапленне высакароднымі паводзінамі, цікавасцю і іншымі матывамі. Часы змяніліся, але стаўленне да Езуса Хрыста і Евангелля ў людзей не змянілася.
У літургіі Слова з гэтай нядзелі Езус чарговы раз напамінае кожнаму з нас, што варта ісці за Ім незалежна ад абставінаў і патрабаванняў часу. Напамінае нам найперш пра “нянавісць” да нашых родных і блізкіх, а нават да ўласнага жыцця, дзеля таго, каб быць сапраўдным вучнем. Праз гэта Езус хоча паказаць нам сапраўдную вартасць чалавечага існавання і сэнс нашага жыцця, якім з,яўляецца Ён. Я павінен паставіць Яго на першае месца на п'едэстале сваіх каштоўнасцей. Папа Францішак у разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» 25 жніўня параўнаў Езуса з вузкай брамай і зазначыў: “Езус, можа падарыць поўную і бясконцую радасць. Не бойцеся: Езус вас чакае! Майце адвагу, каб увайсці ў Яго браму. Усе запрошаны прайсці праз яе, прайсці праз браму веры, увайсці ў Яго жыццё і дапамагчы Яму ўвайсці ў нашае жыццё, каб Ён яго перамяніў, аднавіў, падарыў поўную і невыказную радасць”.
Падчас апытання “Кім для цябе з’яўляецца Езус Хрыстус?” адна асоба напісала: “Я была выхавана як язычніца, хоць і “адбыла першую Святую Камунію” (была такой самай фармальнасцю, як і многія іншыя ў маім жыцці). Бога, Езуса Хрыста ў "бліскучых абразіках" з мяне вывееў вецер маладосці. З кожным годам мая вера слабела. Маючы 24 гады, нечакана для мяне, пад уздзеяннем выпадковай літаратуры, у маё жыццё ўвайшоў жывы Езус… Я не магла ўсвядоміць, хто Ён для мяне, не магла яшчэ верыць у Яго, але пачала з прагнасцю чытаць, што мне трапіла пад руку. Пасля некаторага часу Евангелле стала для мяне самай важнай кнігай, яно пранікала мяне і перадавала дзіўнае цяпло і невыказную радасць... Я станавілася на калені і прасіла адарыць мяне ласкай веры. Некалькі месяцаў пасля я паверыла ў Езуса Хрыста, які стаўся Чалавекам і ўваскрос. Ад таго моманту прайшло ўжо трыццаць гадоў і ўвесь гэты час Хрыстос знаходзіцца ў цэнтры майго жыцця, як палаючая лампа. Ён мяне поўнасцю змяніў. Чакае ад мяне, каб я проста Яго любіла, і, каб Яго твар бачыла ва ўсіх тварах, якія я сустракаю, каб шукала Яго ва ўсіх церпячых”.
Наш Збаўца заплаціў за кожнага з нас вялікую цану – цану свайго жыцця. Ён таксама спадзяецца, што Яго вучань, які абраў шлях крочання за Ім, будзе гатовы на ахвяру дзеля Яго, нават коштам свайго жыцця. Гэтая гатоўнасць ахвяры павінна мець рысы свядомасці і дабравольнасці. Кожны з нас абіраючы жыццё разам з Езусам, павінен добра разумець, што Ён заплаціў за яго вялікі кошт. Таму і крочанне за Божым Сынам цесна спалучаецца з Крыжом. “Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною не можа быць Маім вучнем”, - Без ахвяры нашага Збаўцы, крыж так і застаўся б непатрэбным нікому кавалкам дрэва і прадметам катавання людзей, якія не мелі рымскага грамадзянства. Вучань, які адказаў на Божы заклік і пайшоў за Настаўнікам павінен прыкласці ўсе намаганні, каб застацца верным Яму, негледзячы на цяжар свайго крыжа.