У сераду, 4-га верасня вернікі адзначылі ўспамін адзінаццаці благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка. Сёлета споўнілася семдзесят год, як гэтыя мужныя манахіні аддалі свае жыцці. Штогод у Белай Фары з гэтай нагоды збіраецца шмат людзей з розных куткоў гродзеншчыны, каб ушанаваць іх ахвяру. Гэтым разам на ўрачыстасць завітаў шаноўны госць, прадстаўнік Святога Айца ў Беларусі, кс. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які разам са шматлікімі святарамі ўзначаліў св. Імшу.
Каля пятай гадзіны ля кляштара Кангрэгацыі сясцёр назарэтанак у Навагрудку было цяжка ўявіць, што праз шэсцьдзесят хвілін тут штосьці адбудзецца. Не было тут застаўленых машынамі вуліц, бегаючых па розных справах сясцёр, гамонячай моладзі і іншай мітусні. Сястра Таццяна падказала, што Нунцыя ўсе едуць сустракаць у Батароўку (месца, дзе расстралялі сясцёр). Мы селі ў машыну і паехалі. Як належыць важным і вельмі занятым асобам, арцыбіскуп затрымліваўся, але ўсё было спакойна і па-сямейнаму. Пасля сустрэчы папскага прадстаўніка ўсе разам памаліліся на месцы расстрэлу і рушылі на святую Імшу ў Навагрудак.
Людзей было няшмат, толькі палова касцёла. Сабралася некалькі дзесяткаў святароў, былі простыя вікарыі і важныя плябаны. Пад рэлігійную песню "З Белай Фары пайшлі долам" пачалася святая Імша. Прывітанне ўсіх гасцей, літургія слова, гамілія. Арцыбіскуп казаў проста і, як заўсёды, экспрэсіўна. Задаваў сёстрам пытанне, ці іх твары адрозніваюцца ад твараў благаслаўлёных на абразе, казаў пра выбар мучаніцтва, пра простыя ўсмешкі і пра тое, як цяжка, часам, назваць бліжняга братам. “Гераізм – гэта сказаць Езусу: “Я раблю, як ты”. Якім б не было іх (благаслаўлёных сясцёр - аўт.) успрыманне Бога, яны пайшлі за Любоўю Езуса. Калі мы затрымаемся толькі на законе, то сёстры не мусілі б аддаваць свайго жыцця”. Апостальскі Нунцый цікава адзначыў, што бальшавікі прыйшлі і забаранілі сёстрам насіць хабіты. Нацысты ж хабіты насіць дазволілі, але пасля сясцёр расстралялі. Словамі “Бог, гледзячы на раны сясцёр, не зможа адмовіць ім ні ў чым" і просьбай да благаслаўлёных назарэтанак маліцца за ўсіх прысутных, святая Імша перайшла да наступнага пункта. Служба набыла свой святы і таямнічы рытм. Толькі адна бабулька з боку ўсё збівалася і незадаволена паглядвала па баках з-за непрызвычаеннасці да беларускай мовы.
Напрыканцы – літанія да благаслаўлёных сясцёр і абдымкі са знаёмымі і сябрамі. Усе ідуць на ўрачыстую вячэру і ўпоцемку вяртаюцца па хатах. Заўтра звычайны працоўны дзень. Перафразуючы, дзень, калі закаляецца святасць. Назарэтанкі застаюцца ў Навагрудку, каб у наступным годзе ізноў усіх запрасіць памаліцца разам. Назарэтанкі застаюцца, каб проста быць. Таксама як гэта рабілі іх благаслаўлёныя папярэдніцы. Як сказаў арцыбіскуп Гуджэроцці: “Гісторыя паўтараеца (...) і любіць магчыма ў кожнай сітуацыі".
Арцём Ткачук