XХIIІ Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч
Мноства людзей ішло следам за Хрыстом у той час. Шмат людзей ішло за Ім на працягу двух апошніх тысячагоддзяў. Мноства людзей ідзе таксама за Ім і сёння. Сярод іх – мы з вамі. Таму словы Хрыста, якія мы сёння пачулі ў Евангэллі, звернутыя да нас, каб нашае следаванне за Iм не было пустым і дарэмным, каб мы былі вартыя Хрыста.
Што ж мы павінныя зрабіць, каб наш шлях быў годны Настаўніка? Калі мы ідзём за Хрыстом, але не адкінулі сябе і не ўзялі крыжа – нашае следаванне дарэмнае.
Чым быў крыж у Рымскай імперыі? Ім была прылада распаўсюджанага, але адмысловага спосабу пакарання. У выпадку, калі рымскі грамадзянін за якія-небудзь злачынства прысуджаўся да смяротнага пакарання, забойства асуджанага ажыццяўлялася праз адсячэнне галавы. Смерць на крыжы чакала толькі ізгояў рымскага грамадства: рабоў і людзей, якія не мелі рымскага грамадзянства, а, такім чынам, і грамадзянскіх правоў. Таму крыж азначаў не толькі пакутлівую і страшную кару, але быў сімвалам глыбокай ганьбы і прыніжэння. Іншымі словамі, крыж уяўляў сабою паўнату болю і людзкіх пакутаў. Крыж асацыяваўся ў людзей з жахам гвалтоўнай і ганебнай смерці.
Аднак у слове Збавіцеля крыж дзіўным чынам паўстае як нейкая запаведзь чалавеку, як маральны абавязак кожнага, хто жадае ісці за сваім Панам і Настаўнікам. Выбудоўваецца лагічны ланцуг: хочаш быць з Хрыстом, хочаш стаць Яго вучнем, хочаш выконваць запаведзі Божыя – вазьмі свой крыж, гэта значыць добраахвотна прымі пакуты, боль, можа нават ганьбу і ідзі следам за Ім.
У евангельскім разуменні прыняць крыж – значыць прыняць усе акалічнасці жыцця, вытрымаць і пераадолець пасланыя выпрабаванні, не ўпасці пад іх цяжарам. Гэта патрабуе праявы моцы духу, цярплівасці, мужнасці, здольнасці пераадольваць цяжкасці. Можа ўзнікнуць пытанне: няўжо хрысціянства – рэлігія толькі непахісных і стойкіх людзей? Не, не толькі. Хрыстос заклікае да Сябе ўсіх: і моцных, і не вельмі моцных, і зусім слабых. Але калі чалавек верыць ў Хрыста, то Ён дзіўным чынам памнажае ўнутраныя сілы чалавека.
Кожнаму з нас Пан дае крыж па яго сілах, і непасільнага крыжа не бывае. Калі Бог заклікае ўзяць свой крыж і ісці за Ім, то Ён дае і сілы, каб несці яго. Існуе прыпавесць пра чалавека, які стаміўшыся ад цяжкасцяў, звяртаецца з малітвай да Езуса: “Божа, няма сіл трываць, злітуйся нада мною, дай мне больш лёгкі крыж”. Бог яму адказвае: “Вось ляжаць перад табою крыжы, выберы сам”. І пачаў той чалавек шукаць сабе крыж паводле сваіх сілаў, і здаўся яму адзін з крыжоў самым прыдатным. Узваліў ён яго на свае плечы – атрымалася цяжка і нязручна, стала хіліць да зямлі. Тое ж адбылося і з другім крыжом, і з трэцім. Доўга чалавек перабіраў усе магчымыя крыжы, пакуль нарэшце не знайшоў самы малы з усіх. Узяў яго і адчуў, што гэты крыж нібы для яго падрыхтаваны. Тады кажа чалавек Богу: “Дазволь мне ўзяць гэты крыж, ён самы лёгкі ў параўнанні з іншымі”. Пан Бог сказаў у адказ: “Гэта і ёсць той самы крыж, ад якога ты адмовіўся”.
Гэтая прыпавесць не толькі вобразна, але і вельмі дакладна ілюструе тое, што кожны чалавек нясе праз жыццё ўласны крыж, які адпавядае яго духоўным і фізічным магчымасцям. Няхай з нашых вуснаў ніколі не выйдзе слова наракання на свой крыж, але з цярплівасцю і пакорай давайце мужна несці яго за Хрыстом да вечнай радасці.